Беларусь аднавіла пампоўку нафты ў Польшчу



Беларускі ўчастак магістральнага нафтаправода „Дружба” (Мазыр — Берасце DN600), па якім нафта транспартуецца ў Польшчу, заменены і працуе ў штатным рэжыме, паведамляе ААТ „Гомельтранснафта Дружба”.

Паводле інфармацыі аператара беларускага ўчастка магістральнага нафтаправода „Дружба”, з 8 па 13 чэрвеня заменены ўчастак магістральнага нафтаправода Мазыр — Брэст даўжынёй 250 метраў, праведзены рамонт і абслугоўванне засавак на нафтаперапампавальных станцыях і лінейнай частцы нафтаправода.

Работы вяліся на 227-м км нафтаправода Мазыр — Берасце ва ўмовах планавага спынення перапампоўкі сыравіны, гаворыцца ў паведамленні.

„Работы накіраваныя на павышэнне надзейнасці магістральнага нафтаправода на ўчастку „лінейная вытворчая дыспетчарская станцыя „Мазыр” — дзяржаўная мяжа з Рэспублікай Польшча”. У цяперашні час нафтаправод Мазыр — Берасце працуе ў штатным рэжыме”, — паведамляе „Гомельтранснафта Дружба”.

Нагадаем, па гэтым участку расійская нафта транспартуецца ў пункт здачы нафты Адамава Застава, які знаходзіцца побач з аднайменным польскім горадам. Магістральны нафтаправод „Дружба” забяспечвае пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ і яе транзіт у Еўропу.

belapan.by