125 гадоў з дня нараджэння Паўла Каравайчыка



Беларускі грамадска-культурны дзеяч, пісьменнік, медык Павал Каравайчык нарадзіўся 15 чэрвеня 1896 году ў мястэчку Любча на Наваградчыне. Паходзіў з сям’і малазямельных сялян. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў у Вышэйшую пачатковую школу ў Наваградку. У 1910-ым перайшоў у Наваградскую прыватную рэальную школу. У 1911-ым здаў уступныя экзамены ў Мінскую гімназію, скончыў яе ў 1916 годзе з залатым медалём у Маскве, куды гімназія была эвакуявана ў час першай сусветнай вайны. Вярнуўшыся ў Мінск, браў актыўны ўдзел у Таварыстве дапамогі ахвярам вайны, потым паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Петраградзе. Ад імя петраградскіх студэнтаў вітаў у 1917-ым з’езд беларускай нацыянальнай арганізацыі ў Мінску. Аднак праз два гады змушаны перапыніць вучобу з-за матэрыяльнай нястачы. Пераехаў у Маскву, займаўся на трэцім курсе медыцынскага факультэта ўніверсітэту. У 1919-21 гадах служыў у Чырвонай Арміі на Заходнім фронце. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Маскву, але аднавіць заняткі не ўдалося. У 1922 годзе пераехаў на стала ў Мінск, паступіў на трэці курс медфака БДУ, які скончыў у 1925 г.

Пасля заканчэння гімназіі Каравайчык актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным і культурна-асветным руху. У 1917-ым працаваў у Мінску ў рэдакцыі газеты “Вольная Беларусь”, дзе пачаў друкаваць свае творы, у 1918-ым у Петраградзе быў сакратаром агітацыйна-выдавецкага аддзелу Беларускага нацыянальнага камітэту і супрацаваў з часопісам “Чырвоны шлях”. Пазней цягам больш чым году быў інфарматарам па беларускіх справах пры Народным камісарыяце нацыянальнасцяў. Яго агляды беларускага друку былі своеасаблівым летапісам першых крокаў Беларускай савецкай рэспублікі, якія шырока выкарыстоўваюць цяперашнія гісторыкі. На пачатку 1919-га загадваў выдавецкім аддзелам Белнацкаму і рэдагаваў першую савецкую газету на беларускай мове “Дзянніца”. З восені 1922-га да канца 1926-га загадваў аддзелам замежнага друку газеты “Савецкая Беларусь”. Удзельнічаў у заснаванні медычнай секцыі пры Інстытуце беларускай культуры, займаўся распрацоўкай беларускай медычнай тэрміналогіі. Працаваў у клініцы нервовых хвароб медфаку БДУ.

Павал Каравайчык у час сталінскіх рэпрэсій быў арыштаваны. Асуджаны на 5 гадоў і высланы ў красавіку 1931 году ў Чабаксары (Чувашыя). Там працаваў лекарам-неўрапатолагам. У ссылцы працягваў навуковыя доследы ў галіне медыцыны, займаўся фізіялогіяй мозгу. Перад заканчэннем тэрміну ссылкі, якую павялічылі яшчэ на два гады, Каравайчык паслаў свае даследаванні ў клініку нервовых хвароб горада Горкі, пасля чаго адтуль атрымаў запрашэнне на працу. Аднак у 1937-ым, за дзень да канца высылкі, быў арыштаваны паўторна і засуджаны да расстрэлу. Расстраляны 21 лістапада 1937 году ў Чабаксарах. Рэабілітаваны па абедзвюх справах толькі ў 1957 і 1959-ым.

Творчая спадчына Паўла Каравайчыка з-за кароткага жыцця невялікая, але дастаткова разнастайная. Пачынаў ён з рэцэнзіі на пастаноўку ў Мінску драмы Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”. Пісаў водгукі на тыя творы, якія станавіліся беларускай літаратурнай класікай. Чытаў лекцыі па беларускай літаратуры на настаўніцкіх курсах у Мінску і Бабруйску. Пісаў таксама вершы. Стаў суаўтарам падручніка па беларускай народнай творчасці. У друку выступаў пад рознымі псеўданімамі – П. Каравай, Павал Любецкі ды іншымі.

Беларускае Радыё Рацыя