Таццяна Севярынец: Вытрымкі і цвёрдасці Паўлу хапае



Маці палітвязня Паўла Севярынца распавяла пра апошні ліст ад сына з СІЗА ў Магілёве.

Таццяна Севярынец: Учора ад Паўла прыйшоў ліст, які ён напісаў 6 чэрвеня. Просіць дасылаць мне факты для віктарыны “Хрысціянства і спорт”, а таксама “Хрысціянскае кіно”.

Паша ніколі не сядзіць проста так, заўсёды нас абцяжарвае нейкімі сваімі даручэннямі. І я зараз з самага ранку сяджу ў Інтэрнэце і шукаю сведчанні пра тэнісіста Новака Джокавіча, футбаліста Кака, плыўца Майкла Фелпса і гэдак далей.

Ён даслаў мне шмат прозвішчаў спартсменаў, пра якіх хацеў бы больш даведацца. У Пашы фенаменальная памяць, ён любіць спорт, як заўзятар. Ды і сам юнаком гуляў у футбол, а зараз вырашыў скласці спартыўную віктарыну. Ён увесь час заваблівае людзей да таго, каб тыя зразумелі – вера ў нашым жыцці мае вельмі вялікі сэнс. Гэта рухавік на шляху да лепшага жыцця і да самога сябе.

РР: Павел па-ранешйаму знаходзіцца ў ізалятары Магілёва?

Таццяна Севярынец: Так. Паведаміў, што як быццам у яго ўсё нармалёва. Піша: “Настрой бадзёры, здароўе ў норме, стараюся займацца ў дворыку. Часам нават удаецца ўхапіць сонца праз клетку і краты. Так што дзякую Госпаду за ўсё!”

Як бачым, вытрымкі і цвёрдасці сыну хапае.

РР: Пакуль невядома, куды далей перавядуць Паўла?

Таццяна Севярынец: Яго жонка Вольга звярнулася з гэтым пытаннем у Дэпартамент выканання пакаранняў, але адказу да гэтага часу няма.

Заўтра павязу ў Магілёў для сына перадачу, а таксама буду сустракацца са старшынёй суда. Можа быць, з’явіцца нейкая новая інфармацыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя