У Гомелі судзяць рок-музыку Уладзіслава Наважылава



Пракуратура патрабуе максімальнага пакарання для рок-музыкі Уладзіслава Наважылава за “абразу” старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя.

Артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прадстаўніка ўлады) прадугледжвае да трох гадоў абмежавання волі. Гаворка ідзе пра каментар пад адным з ролікаў на сэрвісе youtube.com, у якім дэманстравалася, як кіраўнік Гомельскага аблвыканкама размаўляе з пратэстоўцамі ў жніўні 2020 года. Сам “пацярпелы” на першае пасяджэнне суда Цэнтральнага раёна не з’явіўся.

Уладзіслаў Наважылаў зазначае, што паведамленне напісаў на “эмоцыях” і не меў на ўвазе канкрэтную службовую асобу:

–  Калі я кагосьці хачу абразіць, я ніколі не бянтэжуся ў словах. А гэта была менавіта рэакцыя на тое, што адбывалася ў родным горадзе. Я Гомель любіў, люблю і буду любіць. Гэта мой родны горад, і мне цікава, што тут адбываецца. І калі тут адбываецца невядома што, і ўлады ніяк не могуць адрэагаваць на гэта адэкватна… Я не мог нават уявіць, што такая бяскрыўдная форма будзе ўспрынятая ў такія штыкі.

Працяг суда над лідарам метал-групы “Gods Tower” адбудзецца 21 чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя