Пра прычыны выключэння Ціханоўскай з міждзяржаўнага вышуку



Расейскія афіцыйныя СМІ паведамляюць са спасылкай на МУС РФ тое, што экс-кандыдатка на выбарах прэзідэнта ў Беларусі ў 2020 годзе Святлана Ціханоўская выкрасленая з базы даных міждзяржаўнага вышуку. Гэта афіцыйнае пацверджанне інфармацыі, якую падавалі ў канцы траўня некалькі беларускіх выданняў. У лаканічнай навіне не распавядаецца пра тое, чаму прозвішча лідаркі беларускага дэмакратычнага руху ўвогуле апынулася ў міждзяржаўнай базе злачынцаў. Затое гаворыцца, што выключэнне са спісу адбывалася па ініцыятыве беларускага боку.

Яшчэ ў кастрычніку 2020 года, калі ўлады Беларусі зразумелі, што Святлана Ціханоўская за мяжой – гэта вялікі галаўны боль і пастаянная крыніца небяспекі, яе прозвішча раптам стала фігураваць у базе даных міждзяржаўнага вышуку. Гаворка ідзе пра базу даных краін-сябраў СНД, пачатак стварэння якой – у 2017 годзе. Фармальнай прычынай унясення дэмакратычнай лідаркі ў базу даных стаў Артыкул 361, частка 3 КК РБ (заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу). І вось нечакана ў траўні некалькі беларускіх парталаў заўважылі, што прозвішча Ціханоўскай раптам знікла з расейскай базы. Такі паварот падзей даў грунт для развіцця канспіралагічных версій пра камунікацыі штаба Ціханоўскай з адной з вежаў Крамля. Аднак куды больш рэалістычнай выглядае іншая версія.   

Сама храналогія падзей, калі спачатку Расея моўчкі прыбірае прозвішча галоўнай апаненткі Аляксандра Лукашэнкі са спісу, а потым дадае, што зрабіла гэта нібыта па просьбе беларускіх таварышаў, як бы падказвае, што насамрэч здарылася. Выглядае на тое, што Масква напярэдадні доўгачаканых перамоваў з новым прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам вырашыла паказаць сваю добрую волю, адмежаваўшыся ў непрынцыповых справах ад дзеянняў беларускага саюзніка. А потым, сутыкнуўшыся з рэакцыяй Менска, магла з’явіцца фармулёўка, якая б суцішыла гнеў кіраўніка Беларусі, але пры гэтым не пагоршыла перамоўныя пазіцыі РФ. Таму пазней і з’явілася тлумачэнне “па ініцыятыве беларускага боку”.

Калі ж дапусціць, што ініцыятыва выключэння прозвішча Ціханоўскай з міждзяржаўнай базы даных насамрэч сыходзіць з афіцыйнага Менску, то гэта азначае толькі адно: рэжым сам не зацікаўлены ў тым, каб Святлана Ціханоўская ўспрымалася за межамі краіны як апанент з сур’ёзнай палітычнай вагой. А ўнясенне яе ў разнастайныя спісы якраз паказвае, наколькі ўлада Беларусі баіцца Ціханоўскай. Адпаведна, такі статус дадае аўтарытэту палітыку ў выгнанні ў вачах заходніх лідараў. Магчыма, усвядоміўшы гэта, у Менску вырашылі пераглядзець тактыку змагання з Ціханоўскай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ