Дырэктар Ryanair: Улады Беларусі наўмысна парушылі ўсе міжнародныя авіяцыйныя правілы



Дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О’Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі 15 чэрвеня даў паказанні аб сітуацыі з вымушанай пасадкай самалёта 23 мая ў Мінску. Ён заявіў пра наўмыснае парушэнне ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.

Як піша выданне The Irish Times, паводле сведчанняў О’Ліры, авіядыспетчары ў Мінску паведамілі экіпажу рэйса Ryanair, які рухаўся з Афінаў у Вільнюс, пра атрыманую імі „рэальную пагрозу, што на борце самалёта выбухне бомба, калі ён увойдзе ў паветраную прастору Літвы або паспрабуе прызямліцца ў вільнюскім аэрапорце”.

Паводле яго слоў, камандзір самалёта „неаднаразова прасіў мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам даць адкрытую лінію сувязі з дыспетчарскім пунктам Ryanair у Варшаве”. На гэта яму казалі: „У Ryanair не адказвалі на тэлефанаванні”, што „абсалютна не адпавядала рэчаіснасці”.

О’Ліры сказаў, што рэйсы Ryanair, якія адхіляюцца ў тым пункце, звычайна прызямляюцца ў Польшчы і краінах Балтыі, але на камандзіра судна „рабіўся значны націск”, каб ён прызямліўся ў Мінску. „Яму не загадвалі зрабіць гэта, але яму не пакінулі ніякай альтэрнатывы”, — сказаў ён на пасяджэнні камітэта.

Паводле слоў дырэктара Ryanair, пасля прызямлення ў Мінску „ў самалёт зайшлі некалькі неўстаноўленых асоб, у якіх былі відэакамеры”. Гэтыя людзі „неаднаразова спрабавалі прымусіць экіпаж сказаць на відэа, што яны добраахвотна накіраваліся ў Мінск”, але экіпаж „адмовіўся пацвярджаць гэта”.

Ён дадаў, што пасажыраў і практычна ўвесь экіпаж даставілі ў будынак аэравакзала. Камандзір жа застаўся на борце самалёта, аднак „кожны раз, калі ён пакідаў кабіну, яго суправаджаў узброены ахоўнік”. „Была вельмі небяспечная і варожая абстаноўка. У рэшце рэшт прыкладна праз восем гадзін мы вярнулі самалёт з Мінска”, — сказаў О’Ліры.

Пасля ўзлёту, адзначыў ён, на борце не аказалася пяці пасажыраў — Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі, а таксама „трох неўстаноўленых асоб”: „Наколькі нам вядома ад спецслужбаў, цалкам верагодна, што яны былі з КДБ. Мы не ведаем, гэта быў расійскі КДБ (цяпер у РФ аналагічная структура — ФСБ. — БелаПАН.) ці беларускі, у любым выпадку мы не ўпэўненыя, што ёсць вялікая розніца”.

„Гэта было відавочна наўмыснае парушэнне ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў, нормаў і правілаў бяспекі. Самалёт пасадзілі, скарыстаўшыся ілжывай падставай, да таго прыцягнулі мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам. І здаецца відавочным, што двое пасажыраў былі знятыя [з рэйса] супраць іх волі, сілком затрыманыя”, — дадаў ён.

У адказ на здарэнне Вялікабрытанія і ЕС забаранілі беларускай авіякампаніі „Белавія” палёты ў сваёй паветранай прасторы, а авіякампаніям сваіх краін — лятаць над Беларуссю. О’Ліры лічыць, што „захаванне такой палітыкі на пастаяннай аснове не адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам галіны і пасажыраў”.

„Не павінна быць сітуацый, калі авіякампаніі, авіялініі, нашых кліентаў і грамадзян могуць захапіць і перанакіраваць пад ілжывай падставай, — заявіў ён. — Але ў той жа час значна больш грамадзян Вялікабрытаніі сутыкнецца з праблемамі, напрыклад, пры далёкамагістральных пералётах паміж Вялікабрытаніяй і Азіяй, цяпер ім давядзецца аблятаць Беларусь, пазбягаць паветранай прасторы гэтай краіны”.

„Таму трэба, каб еўрапейскія і брытанскія ўлады пры падтрымцы міжнародных партнёраў атрымалі ад уладаў Беларусі і Расіі адпаведныя гарантыі, што такога больш ніколі не паўторыцца”, — перакананы дырэктар Ryanair.

belapan.by

© AP Photo / Martin Meissner