ЕЗ і ЗША маюць намер „прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказу”



 Еўразвяз і Злучаныя Штаты Амерыкі па-ранейшаму падтрымліваюць народ Беларусі і яго патрабаванні па выкананні правоў чалавека і дэмакратыі, гаворыцца ў заяве па выніках саміту ЕЗ — ЗША.

Саміт з удзелам кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, кіраўніка Еўрасавета Шарля Мішэля і амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна прайшоў 15 чэрвеня ў Бруселі.

„Мы маем намер прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказу за эскалацыю парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама за стварэнне пагрозы авіяцыйнай бяспецы ў выніку беспрэцэдэнтнага і непрымальнага прымусовага змянення маршруту пасажырскага самалёта ЕС пад ілжывай падставай і наступнага арышту журналіста ў рамках бесперапынных нападаў на галасы апазіцыі і свабоду прэсы”, — гаворыцца ў дакуменце.

23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс, вымушана сеў у Мінску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Мінску. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕС, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўрасаюза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні савета Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 мая было вырашана правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза выдала дырэктыву, у якой заклікала дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.

Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA) 4 чэрвеня заклікала EASA прытрымлівацца прынцыпу „падзелу палітыкі і авіяцыйнай бяспекі” і адмяніць сваю дырэктыву.

У той жа дзень Савет Еўрасаюза афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам пралёт над тэрыторыяй Еўрасаюза і доступ у аэрапорты ЕС.

Акрамя таго, 26 мая Украіна спыніла прамыя авіязносіны з Беларуссю, 28 мая — забараніла беларускім самалётам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору.

belapan.by

 

Фота: скрыншот з відэа euronews.com