Суд над Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам і іншымі фігурантамі справы будзе закрытым



Справа Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка будзе разглядацца ў гомельскім СІЗА № 3 на закрытым судовым пасяджэнні, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лепрэтар.

Абаронца 15 чэрвеня атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне аб даце суда, пачатак якога запланаваны 24 чэрвеня ў 10 гадзін раніцы. Таксама сёння ён наведаў у СІЗА свайго падабароннага Ігара Лосіка. „Абарона да суда гатовая. Аднак Ігар разлічваў на адкрыты судовы працэс, настойваў на ім і вельмі расчараваны такім рашэннем. Ён па-ранейшаму заяўляе аб сваёй невінаватасці, аб тым, што яму няма чаго хаваць, і гатовы публічна адстойваць сваю пазіцыю”, — адзначыў адвакат.

Бытавыя ўмовы ўтрымання, паводле слоў Лосіка, у гомельскім СІЗА крыху лепшыя, чым у жодзінскай турме. Скаргаў на здароўе Ігар не выказваў, дадаў адвакат.

Таксама Лепрэтар паведаміў, што папярэдняя дата заканчэння суда — 30 чэрвеня.

Жонка Ігара Лосіка на сваёй старонцы ў „Інстаграме” выказала меркаванне, што закрыццё працэсу азначае толькі адно — у следства няма ніякіх доказаў віны абвінавачаных. „Калі яны ёсць, пакажыце іх усяму цывілізаванаму свету… А паказваць няма чаго, проста ліпа і абсурд. Ну, што ж, вы закрылі суд, але гэта не азначае, што мяне не будзе ў Гомелі. Кожны дзень, пакуль ідзе судовы працэс, я буду знаходзіцца каля сцен СІЗА-3”, — напісала яна.

У ліку фігурантаў справы таксама Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў, Уладзімір Цыгановіч.

Ціханоўскаму (муж беларускага дэмакратычнага лідара, экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай), Арцёму Сакаву (член ініцыятыўнай групы Ціханоўскай) і Дзмітрыю Папову (мадэратар сацсетак) інкрымінаваныя: арганізацыя масавых беспарадкаў у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса); распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК); пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай (ч. 2 арт. 191 КК); арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Статкевічу выстаўленае абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Дзеянні папулярных блогераў Лосіка і Цыгановіча расцэненыя як распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асоб (ч. 3 арт. 130 КК). Іх таксама абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

БелаПАН

Фота: ilinterviews.com