Генпракуратура пачала чарговую крымінальную справу за здзек са сцяга



Падобна на тое, што ў дачыненні да опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук.

Крымінальную справу за здзек з дзяржаўнага сцяга пачала Генпракуратура Беларусі. Хутчэй за ўсё, падазраваная — вядомая оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, піша TUT.BY. Па матэрыялах справы, грамадзянка Л. 1990 года нараджэння „дзейнічаючы ў групе асоб, не пазней за 15 чэрвеня 2021 года з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі вырабіла відэазапіс са сцэнамі абразлівых і блюзнерскіх дзеянняў у дачыненні да дзяржаўнай сімволікі: Л. і неўстаноўленая асоба кінулі сцяг на зямлю, а затым змясцілі яго ў кантэйнер для смецця”, паведамляе прэс-служба ведамства.

Затым відэазапіс размясцілі на відэа-хостынгу YouTube. Дзеянні падазраванай кваліфікаваныя па артыкуле 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Санкцыя прадугледжвае грамадскія або папраўчыя работы, штраф, арышт або да аднаго года абмежавання волі.

У прэс-рэлізе пракуратуры імя і прозвішча падазраванай не паказваюцца, але ініцыялы і дата нараджэння супадаюць з данымі вядомай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. 10 чэрвеня на яе канале ў YouTube было апублікаванае відэа, сюжэт якога супадае з тым, які апісала ў сваім прэс-рэлізе Генпракуратура.

Маргарыта Ляўчук цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Яна патлумачыла TUT.BY, што пра пачатую ў дачыненні да яе крымінальную справу яна не ведае.