Валер Кавалеўскі: Рэжым не мае ніякіх новых рэсурсаў



Лукашэнкаўскі рэжым дэградуе ўсё больш і больш. І яго не выратуе ні спроба адбяліцца праз прэс-канферэнцыі з удзелам Рамана Пратасевіча, ні правакацыі на межах, ні закрыццё іх на замок, ні страх, што сеюць хутка год між электарату, – кажа Госць Рацыі прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі. З ім паразмаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Ганна Васілевіч.

РР: Польскія СМІ пішуць, што Лукашэнка планаваў пасадзіць самалёт са Святланай Ціханоўскай, але ж Пуцін сказаў не чапаць.

Валер Кавалеўскі: Такіх звестак у нас няма, мы не можам пераправерыць гэтую інфармацыю. Можна, мабыць, спекуляваць на гэтую тэму, але мы ўсё ж такі хацелі базаваць нашыя высновы на афіцыйных звестках, на больш менш пацверджаных.

РР: То бок, вы думаеце, што гэта проста “жоўтая прэса”.

 Валер Кавалеўскі: Я не магу сказаць, што гэта “жоўтая прэса”. Мы проста кажам, што фактам з’яўляецца тое, што захапілі самалёт для таго, каб мэтанакіравана арыштаваць Рамана Пратасевіча, незалежнага журналіста, які сапраўды зрабіў вельмі шмат для таго, каб стаць асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі, відавочна, што гэта быў акт абсалютна мэтанакіраваны. Ці магла быць Святлана Ціханоўская такой мэтай? Так, безумоўна, магла. І мы чулі гэта ад прадстаўніка МУС Беларусі Мікалая Карпянкова, што ўлады, рэжым гатовыя ісці на такія захады, каб знаходзіць і знішчаць палітычных апанентаў. Таму тое, што здарылася з Раманам, так, Святлана Ціханоўская магла быць на месцы Рамана, ці нейкія іншыя палітычныя лідары, актывісты, журналісты, якія зараз знаходзяцца за мяжой. Так здарылася, што гэта быў Раман. Ці Раман стаў гэтай ахвярай, гэтай мэтай замест Святланы Ціханоўскай, цяжка сказаць. Але відавочна, што лідарам, як Святлана Ціханоўская, іншым, пагражае небяспека.

РР: У Беларусі вялікія рэпрэсіі. Як дапамагчы гэтым людзям? І колькі гэта сітуацыя працягнецца?

Валер Кавалеўскі: Па-першае, мы разумеем, што ў Беларусі вельмі складана. Мы гэта адчуваем. Мы ўвесь час на сувязі з людзьмі. Безумоўна, што вельмі складана. Безумоўна, што людзям пагражае небяспека, сапраўдная, кожны дзень. Разам з тым мы бачым, што людзі кожны дзень знаходзяць у сябе сілы на супраціў. Кожны дзень мы бачым прыклады таго, што людзі не здаюцца. І па апытанках мы бачым, што людзі захоўваюць непрыманне Лукашэнкі. Яны ўпэўнены ў тым, што выбары былі сфальсіфікаваныя, і што іх патрабаванне перагляду, ці правядзенне новых выбараў, яны абсалютна справядлівыя. Больш за тое, кожны дзень мы бачым, як рэжым здзяйсняе новыя і новыя злачынствы. І гэтыя гістэрычныя захады рэжыму паказваюць на колькі яму складана спраўляцца з гэтым непрыманнем, з гэтым супрацівам унутраным. Рэжым дэградуе ўсё больш і больш. Ён развальваецца на кавалкі. Ён не можа знайсці нейкіх новых рэсурсаў, новых ідэй, для таго, каб задаволіць нязгоду грамадства. Ім больш няма нічога рабіць, акрамя як ужываць гвалт і сілу штодзень.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя