Акцыянер „Франсабанка” вырашыў адмовіцца ад продажу банка „Альфа-Банку”
Беларускі банк з ліванскім капіталам „Франсабанк” паведамляе, што запланаваная здзелка па продажы банка „Альфа-Банку” не адбудзецца.
„У сувязі з апублікаваннем у СМІ інфармацыі аб атрыманні ЗАТ „Альфа-Банк” дазволу на набыццё акцый „Франсабанк” ААТ тлумачым наступнае. Сапраўды, з пачатку гэтага года асноўным акцыянерам „Франсабанк” ААТ вяліся перамовы аб продажы ЗАТ „Альфа-Банк” акцый банка. Аднак бакі не прыйшлі да пагаднення па ўмовах запланаванай здзелкі. У сувязі з гэтым акцыянер „Франсабанк” ААТ прыняў рашэнне аб адмове ад гэтай здзелкі”, — гаворыцца ў каментары на сайце „Франсабанка”.
Адзначаецца, што банк працягвае працаваць у штатным рэжыме з аказаннем банкаўскіх паслуг у поўным аб’ёме.
„Франсабанк” быў утвораны ў 1994 годзе як банк „Залаты талер”, перайменаваны ў лістападзе 2008 года. Асноўнымі акцыянерамі з’яўляюцца кампаніі Fransabank S.A.L. (Ліван) і Fransa holding S.A.L. (Ліван), якім належыць адпаведна 93,17 і 6,81% акцый. Актывы банка на 1 красавіка 2021 года склалі 167,7 млн рублёў.
„Альфа-Банк” — беларускі ўніверсальны банк, які ўваходзіць у першую дзясятку банкаў краіны па велічыні актываў. Заснаваны ў 1999 годзе, з 2008 года ўваходзіць у кансорцыум „Альфа-Груп”, якому належаць банкі на тэрыторыі Расеі, Беларусі, Казахстана, Украіны і Нідэрландаў. Нарматыўны капітал ЗАТ „Альфа-Банк” на 1 мая 2021 года склаў 524,3 млн рублёў.