У Жэневе прайшлі перамовы Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна (абноўлена)
У Жэневе закончылася сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Кіраўнікі дзяржаў упершыню праводзілі перамовы адзін з адным у гэтым статусе. Мерапрыемства адбывалася пры найгоршых стасунках Масквы і Вашынгтона з часоў заканчэння халоднай вайны.
Адной з тэмаў на перамовах у Жэневе была сітуацыя ў Беларусі. «Я падзяліўся нашай заклапочанасцю наконт сітуацыі ў Беларусі, – сказаў Джо Байдэн на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы. – Ён (Пуцін) не выкаўзаў нязгоды з тым, што адбылося, проста ў яго іншы погляд на тое, што з гэтым рабіць”». Пуцін пра тэму Беларусі на сваёй прэс-канферэнцыі не згадваў.
Паводле Байдэна, ЗША і Расеі неабходна дамовіцца аб правілах гульні па стратэгічных пытаннях, у тым ліку – стратэгічнай стабільнасці і кантролі над узбраеннямі. На пытанне ці рэалістычны выхад на новы этап ўзаемадачыненняў паміж Расеяй і ЗША, Уладзімір Пуцін сказаў:
– Леў Талстой неяк сказаў: “У жыцці няма шчасця. Ёсць толькі бліскавіцы яго. Шануйце яго”. Мне здаецца, што ў такой сітуацыі не можа быць нейкага сямейнага даверу. Але бліскавіцы яго, мне падаецца, прамільгнулі.
Паводле Байдэна, сустрэча прайшла ў пазітыўнай атмасферы, нягледзячы на рознагалоссі. «Паглядзім, што будзе далей», — сказаў прэзідэнт ЗША, заявіўшы, што пра вынікі сустрэчы — у прыватнасці, пра поспехі дыялогу пра стратэгічную стабільнасць або кібербяспеку — можна будзе меркаваць праз паўгода.
* * *
На выніковай прэс-канферэнцыі Уладзімір Пуцін не згадваў Беларусь.
Са слоў Пуціна вынікае, што Расея і ЗША дамовіліся пра вяртанне амбасадараў. На сустрэчы закраналася тэма правоў чалавека ў Расеі, тэма Украіны. Прэзідэнт Расеі заявіў, што абмяркоўваўся абмен асуджанымі:
– Прэзідэнт Байдэн падняў гэтае пытанне ў дачыненні да амерыканскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ў РФ. Мы гэта абмеркавалі. Там могуць быць знойдзены пэўныя кампрамісы. МЗС Расеі і Дзярждэп ЗША папрацуюць у гэтым кірунку.
Перамовы працягваліся менш, чым было запланавана праграмай — менш за 4 гадзіны. Выходзячы пасля сустрэчы, Байдэн жэстам адрэагаваў на пытанне журналістаў — падняў угору вялікі палец.
* * *
Саміт завяршыўся прэс-канферэнцыямі Пуціна і Байдэна, якія пагутарылі з прэсай асобна. Уладзімір Пуцін выказаўся наконт правоў чалавека:
– Паслухайце, але ж Гуантанама да гэтай пары працуе. Увогуле яна не адпавядае ні міжнароднаму праву, ні амерыканскім законам, а да гэтай пары існуе. Турмы ЦРУ, якія былі адкрытыя ў розных краінах, дзе прымяняліся катаванні. Гэта правы чалавека? Думаю, што не. Гэта практыка рэальнай палітыкі. І мы, зыходзячы з гэтай практыкі, выбудоўваем і свае адносіны да таго, пра што я толькі што казаў. У тым ліку і да тых асобаў, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы, каб бараніць інтарэсы тых, хто ім плаціць.
Байдэн сустракаўся з Пуціным у рамках еўрапейскага турнэ, адразу пасля ўдзелу ў саміце краін NATO і сустрэчы кіраўнікоў G7. На сустрэчу «сямёркі» Расею з 2014 года не запрашаюць.
Фота: Reuters
* * *
На віле Ла Гранж ў Жэневе пачаліся перамовы паміж прэзідэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам і яго расейскім калегам Уладзімірам Пуціным.
Гэта першыя перамовы Пуціна і Байдэна з часу ўступлення апошняга на пост прэзідэнта ЗША. У сустрэчы бяруць удзел міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен.
Як паведамляюць сусветныя СМІ, ініцыятыва сустрэчы сыходзіла ад Вашынгтона. Яшчэ ў красавіку кіраўнік Белага дома ў ходзе тэлефоннай размовы з Пуціным прапанаваў таму сустрэцца ў трэцяй краіне бліжэйшым часам, каб абмеркаваць «увесь спектр тэм, з якімі сутыкаюцца» ЗША і Расея. У тым ліку і сітуацыю ў Беларусі.
Лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў з каментаром:
– Важна яшчэ раз падкрэсліць, што незалежнасць і суверэнітэт Беларусі не з’яўляюцца прадметам гандлю. Патрабаванні грамадзянскай супольнасці павінны быць пачутыя і адлюстраваныя ў магчымых дзеяннях па ўрэгуляванні крызісу. Не павінна быць і гандлёвых дамоў вакол палітычных вязняў. Неабходна дабівацца іх тэрміновага вызвалення, а таксама тысяч рэпрэсаваных, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад палітычна матываваным пераследам рэжыму. Важна знайсці шляхі мірнага вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі на падставе патрабаванняў беларусаў. Спынення гвалту і рэпрэсій супраць насельніцтва, прыцягнення да адказнасці асобаў, што здзейснілі масавыя злачынствы супраць правоў чалавека. Арганізацыя свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў цягам 2021 года ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Раней паведамлялася, што на сустрэчу адведзена каля чатырох-пяці гадзін, але рэальная працягласць саміту ў Жэневе будзе залежаць ад настрою лідараў і ходу дыскусіі. Пасля завяршэння перамораў лідэры дадуць асобныя прэс-канферэнцыі.
Беларускае Радыё Рацыя