Літаратурныя сустрэчы памяці Васіля Быкава правядуць ва Ушацкім раёне



Традыцыйныя літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя Дню нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, плануецца правесці 18 чэрвеня ва Ушацкім раёне. І, як заўсёды, у сядзібе-музеі Быкава ў вёсцы Бычкі. 

Мерапрыемства адбудзецца напярэдадні Дня нараджэння пісьменніка. Як вядома, знакаміты на ўвесь свет літаратар нарадзіўся ў Бычках 19 чэрвеня 1924 года. На свяце збіраюцца тыя, хто з’яўляюцца прыхільнікамі творчасці Быкава. Прагучаць цытаты з яго твораў, успаміны пра яго, вершы прысвечаныя знакамітаму сыну беларускай зямлі. Работнікі культуры таксама штогод выступаюць на свяце з творчымі нумарамі.

У гэты ж дзень а 10-й гадзіне ва Ушачах адбудзецца афіцыйнае адкрыццё помнікаў Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, якія ўсталяваны ў райцэнтры.