Узгодненае падвышэнне цэн на дзіцячае харчаванне і хлеб



Камісія па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў дазволіла падвысіць цэны на дзіцячае харчаванне на 4%, хлеб і хлебабулачныя вырабы — на 4,9%, паведаміла прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

„У мэтах забеспячэння насычэння рынку дзіцячага харчавання, а таксама недапушчэння стратнасці яго вытворчасці (увозу) і (або) рэалізацыі ўзгодненае падвышэнне цэн на ўвесь асартымент дзіцячага харчавання юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць яго вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю на ўнутраны рынак, у памеры, што не перавышае 4% адносна цэн на 28 лютага 2021 года”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, „улічваючы рост кошту асноўнай сыравіны, дапаможных матэрыялаў і тарыфаў на энерганосьбіты і паліва, удзельная вага якіх у сабекошце хлебабулачнай прадукцыі складае прыблізна 50—60%, а таксама ў мэтах недапушчэння стратнасці вытворчасці асобных відаў хлеба і хлебабулачных вырабаў, узгодненае павышэнне цэн на ўвесь асартымент хлеба і хлебабулачных вырабаў юрыдычным асобам усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць яго вытворчасць і (або) рэалізацыю на ўнутраны рынак, у памеры, што не перавышае 4,9% адносна цэн на 28 лютага 2021 года”.

Павышэнне цэн суб’ектамі эканамічнай дзейнасці можа быць ажыццёўленае да 30 чэрвеня гэтага года, адзначылі ў МАРГ.

23 лютага для стрымлівання росту цэн на сацыяльна значныя тавары ўрад прыняў пастанову № 100, якая з 24 па 28 лютага ўсталявала забарону на павышэнне цэн, а з сакавіка — вызначыла мяжу іх павышэння не больш за 0,2% у месяц. Павялічваць цэны звыш устаноўленай мяжы дазволена толькі са згоды камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў.

Прымаючы 1 сакавіка з дакладам старшыню Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць звяртаць увагу на цэнаўтварэнне не толькі ў дачыненні да тавараў паўсядзённага попыту. „Гэта ж не справа, што мы там 60 пазіцый узялі пад кантроль. Ведаеце, малако ўзялі пад кантроль, будзем прытрымлівацца. А вось масла — хай расце любымі тэмпамі цана? А што, нашы людзі масла не ўжываюць? Таму і тут трэба пазіраць на цэнаўтварэнне”, — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, трэба выпрацаваць у глабальным плане палітыку цэнаўтварэння, „каб гэта нармальна выглядала, каб не рэтраградамі нейкімі былі, каб сапраўды дэфіцыт не стварыць, але і каб людзі бачылі, што няма неабгрунтаванага росту цэн”.

У траўні 2021 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 9,4% (8,6% месяцам раней), прырост цэн на сацыяльна значныя тавары — 8,4% у гадавым выражэнні (7,1% месяцам раней).

belapan.by