Пра што сведчыць змяненне расейскага міграцыйнага заканадаўства?
Дэпутаты расейскай дзярждумы разгледзяць законапраект, які дазволіць раздаваць налева і направа пашпарты з двухгаловым арлом. Беларусам для атрымання расейскага грамадзянства, калі ўхваляць новы закон, будзе дастаткова жадання. Зазначым, што афармленне на заканадаўчым узроўні новай практыкі раздачы пашпартоў – гэта заканамерны вынік сістэмнай палітыкі РФ на постсавецкай прасторы па перацягванні чалавечых рэсурсаў з былых саюзных рэспублік.
Амаль два гады таму прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін выступаў з прапановай на VI Сусветным кангрэсе расейскіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Выступаючы перад дэлегатамі кангрэса, Уладзімір Пуцін асудзіў Украіну і краіны Прыбалтыкі за “перапісванне гісторыі, змаганне з помнікамі і з расейскай мовай”. У гэтай цытаце – ёмістае і лаканічнае тлумачэнне ўсіх будучых змяненняў у міграцыйнай сферы. Фактычна гаворка ішла пра тое, што Расея разглядае ў якасці сваіх суайчыннікаў людзей, якія падзяляюць з імі расейскую (альбо савецкую) версію гісторыі, шануюць расейскі (альбо савецкі) пантэон герояў і размаўляюць на мове імперыі (па-руску). Такі падыход дазваляе аднесці па змаўчанні да “суайчыннікаў” яшчэ некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек, якія пакуль што маюць пашпарты суседніх з РФ краін, але пры гэтым адчуваюць цесную эмацыйную сувязь з былой метраполіяй.
Імкненне расейскага кіраўніцтва перацягнуць людскія рэсурсы з Беларусі, Украіны, Прыбалтыйскіх рэспублік можна таксама патлумачыць іх занепакоенасцю ўстойлівай тэндэнцыяй на зніжэнне долі рускіх у насельніцтве самой Расеі. З 1989 года па 2010 год колькасць этнічных рускіх у Расеі зменшылася амаль на 9 мільёнаў чалавек. Такія негатыўныя праявы натуральнай страты не адносяцца да некаторых неславянскіх народаў РФ, якія наадварот дэманструюць павелічэнне колькасці насельніцтва за кошт больш высокіх паказнікаў нараджальнасці.
Для незалежных дзяржаваў, якія паўсталі на руінах СССР, новая міграцыйная палітыка РФ з’яўляецца своеасаблівым выклікам. З аднаго боку, яна адкрывае магчымасці да наўпроставага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краін-суседзяў. Згадайма хаця б так званую абарону “рускага” насельніцтва ў Крыме і ў Данбасе. З іншага боку, зняцце бюракратычных бар’ераў для мігрантаў будзе далей негатыўным чынам уплываць на дэмаграфічную сітуацыю ў постсавецкіх краінах, пазбаўляючы іх працаздольнага насельніцтва. У такім разе эфектыўным адказам краін-суседзяў РФ на такую палітыку можа быць толькі стварэнне канкурэнтаздольных эканомік, якія забяспечаць працоўнымі месцамі людзей у сябе на радзіме. Акрамя гэтага, панацэяй ад перацягвання людскіх рэсурсаў з’яўляецца таксама фармаванне ўстойлівай нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці, асновай якой з’яўляецца лаяльнасць да незалежнай дзяржавы і актыўнае карыстанне мовай тытульнай нацыі.