Дырэктар літоўскай спецслужбы: Беларусь ужо глыбока інтэграваная ў РФ
Паміж Беларуссю і Расеяй назіраецца працэс усё больш глыбокай інтэграцыі ў адзіную дзяржаву, заявіў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс у інтэрв’ю парталу 15min.lt.
«Беларусь ужо глыбока інтэграваная ў Расею – ваенныя структуры навучаны і працуюць па расейскіх стандартах, эканамічная і фінансавая залежнасць вельмі высокія. Рэакцыя Захаду на пасадку самалёта, верагодна, была некалькі нечаканай для Беларусі, але ў той жа час гэтая рэакцыя яшчэ больш падштурхнула Беларусь у бок Расеі, што вельмі спрыяльна для РФ. Не будзем забываць і пра праект астравецкай АЭС, які чыста расейскі па прывязцы Беларусі <…> да энергарэсурсаў ».
«Такім чынам, мы назіраем ўсё больш глыбокую інтэграцыю ў адзіную дзяржаву. Я б зусім не здзівіўся, калі ў найбліжэйшай будучыні адбыліся б пэўныя працэсы, і мы ўбачылі б Беларусь проста неад’емнай часткай Расеі. Для Літвы гэта будзе азначаць, што ў нас з’явіцца мяжа з Расеяй. Умоўная буферная зона проста знікне », – адзначыў кіраўнік літоўскай спецслужбы.
На пытанне, якія патэнцыйныя рызыкі нясуць у сабе гэтыя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2021», дырэктар ДДБ адказаў, што гэтыя манеўры з’яўляюцца «сур’ёзным галаўным болем» не толькі для Літвы, але і для ўсіх яе саюзнікаў.
„Хоць гэтыя вучэнні заяўлены як абарончыя, мы бачым падрыхтоўку да наступальных аперацый. Беларусь уцягнутая ў гэта. Рызыкі вельмі сур’ёзныя, і мы, і саюзнікі будзем уважліва сачыць за сітуацыяй, каб пазбегнуць правакацый на мяжы і да таго падобнага », – сказаў Яўнішкіс.
Беларускае Радыё Рацыя
Фото: jimbakkershow.com