ТБМ патрабуе спыніць ціск на беларускамоўных грамадзян у турмах
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) 16 чэрвеня звярнулася ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС і адміністрацыю турмы № 4 Магілёва з патрабаваннем спыніць ціск на беларускамоўных грамадзян, паведаміла БелаПАН старшыня ТБМ Алена Анісім.
„Сябры ТБМ паведамілі пра канкрэтныя факты ў дачыненні да канкрэтнага чалавека, якога пераследуюць за тое, што ён карыстаецца беларускай мовай, — распавяла яна. — Чалавеку проста фактычна забараняюць карыстацца беларускай мовай, кажуць, маўляў, размаўляйце з намі нармальнай мовай, чапляюцца за гэта. А гэта прынцыпова беларускамоўны чалавек. Гэты чалавек у сталым веку, беларускай мовай ён карыстаецца, наколькі я ведаю, як мінімум гадоў 20”.
„Гэты чалавек — падсудны, зараз ён чакае апеляцыі па сваім прысудзе. Мала таго, што ўсё з ім адбываецца несправядліва, яго яшчэ, карыстаючыся тым, што ён знаходзіцца ў зняволенні, пазбаўляюць законнага права размаўляць на дзяржаўнай мове. Гэты факт вельмі абуральны”, — дадала старшыня ТБМ.
Паводле яе слоў, гэта не адзінкавы выпадак, але арганізацыя „не валодае ўсёй паўнатой інфармацыі па аналагічных фактах”.
„Таму як толькі нам стала вядома пра канкрэтны выпадак, мы адразу пачалі рэагаваць, — сказала Анісім. — Учора я накіравала звычайнай поштай два звароты — у ДВП МУС і непасрэдна ў папраўчую ўстанову. У зваротах мы нагадалі, што абмежаванне права на карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай — гэта парушэнне дзейнай Канстытуцыі. Мы лічым, што трэба правесці тлумачальную работу сярод супрацоўнікаў усіх устаноў сістэмы дэпартамента, каб не дапускаць такіх зняваг. Калі яны маюць нейкія праблемы, мы гатовыя дапамагчы ім юрыдычнай, навуковай, адукацыйнай літаратурай”.
Старшыня ТБМ падкрэсліла, што „не ставіць задачу змяніць гэтую сістэму”, але ставіць пытанне, „чаму парушаюцца правы беларускамоўных грамадзян у сістэме міністэрства, якое мусіць стаяць на абароне законнасці”.