Андрэй Бандарэнка прызнаны “злосным парушальнікам” (абноўлена)
Зняволенаму праваабаронцу Андрэю Бандарэнку вынесена ўжо трэцяе папярэджанне. Такім чынам ён стаў злосным парушальнікам і сртраціў права на амністыю. Праваабаронца зараз адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі №17. Ён быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу, у адзіночную камеру на паўгода.
Па словах кіраўніка „Праваабарончага альянсу” Людмілы Гразновай, сітуацыя з Бандарэкам ускладняецца тым, што праваабарончыя арганізацыі не прызнаюць яго палітзняволеным. Асуджаны ён па артыкуле хуліганства на 4 гады зняволення. Адзін год быў зняты судом па амністыі:
– Трэба дамагацца прызнання Бандарэнкі палітвязнем, паколькі тое пакаранне , якое да яго прымянілі, не адпавядае той правіне, якую ён здзейсніў. Каб ён быў звычайным чалавекам, ён атрымаў бы 15 сутак альбо штраф. Але паколькі ён праваабаронца, які займаўся такой складанай праблемай як турмы і калоніі, то яго пакаралі абсалютна не па законе.
А зараз адносіны і да яго, і да іншых палітзняволеных становяцца больш жорсткім. Гэта не толькі помста сістэмы. Тут маецца палітычны і геапалітычны складнік, – лічыць Людміла Гразнова. Па яе меркаванні, ёсць пэўныя сілы, у тым ліку і ў сілавых структурах, якія абвастраюць сітуацыю вакол беларускіх палітзняволеных, каб ускладніць адносіны Беларусі і Захаду і пакінуць яе толькі ў арбіце расейскага ўплыву.
* * *
Зняволенаму праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, які адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі №17, вынесена ўжо трэцяе папярэджанне, і ён стаў „злосным парушальнікам”.
Андрэй Бандарэнка асуджаны па артыкуле 339 Крымінальнага кодэксу за хуліганства.
Пра ціск на сына даведаўся яго бацька, Валер Бандарэнка на кароткатэрміновым спатканні:
– На кароткатэрміновым спатканні высветлілася, што за тое, што ў камеры знайшлі пыл, яму вынеслі папярэджанне. І цяпер ён ужо “злосны парушальнік”, а гэта значыць, што ніякія амністыі яго датычыць не будуць, будзе сядзець увесь тэрмін. Ён знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, яго змясцілі туды на паўгады.
Валер Бандарэнка распавёў, што ён наведаў Дэпартамент выканання пакаранняў і сустрэўся з першым намеснікам яго кіраўніка.
Бацька вязня сказаў, што наўрад ці нейкая пыл у камеры з’яўляеццца такой правіннасццю, за якую чалавека можна зрабіць злосным парушальнікам і пазбавіць амністыі.
„Паабяцалі разабрацца, а як разбяруцца – паглядзім”, – сказаў Валер Бандарэнка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У сакавіку Андрэй Бандарэнка папрасіў адміністрацыю шклоўскай папраўчай калоніі змясціць яго ў адзіночную камеру. Пра гэта стала вядома з яго ліста да бацькі – першага пасля пераводу Бандарэнкі ў Шклоў, – паведаміла дырэктар прыватнай культурна-асветніцкай установы «Платформа инновейшн» Алена Красоўская-Каспяровіч.
– Яго перавялі ў выпраўчую калонію №17 у сувязі з тым, што яшчэ ніякіх рашэнняў па яго статусу, які яму надалі ў ІК2, не было прынята. Ён так і застаецца “на кружке”, гэта такі статус не вельмі добры для месцаў зняволення. У яго ўзніклі праблемы, якія былі і ў ІК2, то бок не можа есці з усімі вязнямі за адным сталом. У сувязі з гэтым у яго напэўна ўзніклі канфлікты, і ён зноў напісаў заяву на змяшчэнне ў „адзіночку”.
Андрэй Бандарэнка – стваральнік установы «Платформы инновейшн». У жніўні мінулага году суд Кастрычніцкага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства ў дачыненні да трох грамадзян. Бандарэнку прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя