БАЖ заклікае неадкладна шпіталізаваць палітвязня Андрэя Пачобута
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае неадкладна шпіталізаваць палітвязня Андрэя Пачобута, які ў турме захварэў на COVID-19, а таксама мае праблемы з сэрцам.
Адпаведны зварот накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства здароўя, Дэпартамент выканання пакаранняў і ў турму №8 у Жодзіне, дзе ўтрымліваюць журналіста, піша прэс-служба арганізацыі.
„Андрэй Пачобут мае захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Захворванне каронавірусам у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца (у тым ліку абмежаванні сядзець або ляжаць у камеры на працягу дня), ставіць пад пагрозу захаванне здароўя і нават жыццё Андрэя. Акрамя таго, пад рызыкай заражэння аказваюцца ўсе людзі, якія знаходзяцца ў адной з ім камеры, супрацоўнікі папраўчай установы”, — адзначаецца ў звароце БАЖ.
Як паведамлялася раней, „палітычным” у турме забаронена сядзець або ляжаць удзень з 6 раніцы да 10 вечара. Для Пачобута, які захварэў, турэмная адміністрацыя зрабіла выключэнне — дазволіла яму ляжаць удзень дзве гадзіны. Пачобута затрымалі ў сакавіку па „справе палякаў”. Ён і кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў Анжаліка Борыс адмовіліся ад вывазу ў Польшчу, на што пагадзіліся іншыя затрыманыя па справе.
Беларускае Радыё Рацыя