Палітзняволеную журналістку Дар’ю Чульцову перавялі ў гомельскую калонію



Асуджаную на два гады пазбаўлення волі карэспандэнтку «Белсата» Дар’ю Чульцову перавялі ў выпраўленчую калонію № 4 Гомеля, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на маці дзяўчыны, якая атрымала афіцыйнае паведамленне з калоніі.

У БАЖ адзначылі, што ў гомельскай калоніі таксама знаходзіцца Кацярына Андрэева – калега Чульцовой, з якой яны праходзілі па адной справе. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя летась 15 лістапада пасля прамога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на сімвалічнай «плошчы Пераменаў» у Менску.

На пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна сталіцы  суддзя Наталля Бугук прызнала іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне работы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях і прысудзіла да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 23 красавіка Менскі гарадскі суд не задаволіў апеляцыйную скаргу на прысуд і пакінуў яго ў сіле.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналістак палітычнымі вязнямі.

10 чэрвеня Міжнародны жаночы медыяфонд абвясціў Андрэеву і Чульцову лаўрэатамі 31-й прэміі «Адвага ў журналістыцы».

Беларускае Радыё Рацыя