Яшчэ адзін супрацоўнік «Нафтана» далучыўся да бестэрміновага страйку



17 чэрвеня яшчэ адзін супрацоўнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» далучыўся да бестэрміновага страйку — гэта 43-гадовы Дзяніс Абрамовіч. дыспетчар вытворчага аддзела прадпрыемства.

Прычына сыходу рабочага ў страйк: татальныя парушэнні правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі, піша «Віцебская вясна».

У заяве на імя генеральнага дырэктара «Нафтана» Дзяніс Абрамовіч зазначыў, што служба бяспекі прадпрыемства чыніць дыскрымінацыйныя дзеянні ў дачыненні да яго калегі і паплечніка па прафсаюзе. Пасля таго як ён сам уступіў у незалежны прафсаюз, пачаўся ціск, каб звольніць яго з працы.

Буйныя расейскія нафтавыя кампаніі з пачатку траўня не пастаўляюць нафту на наваполацкае прадпрыемства. Трубаправодныя пастаўкі нафты з РФ на НПЗ Беларусі, не толькі на «Нафтан», але і на Мазырскі НПЗ, у траўні былі запланаваныя ва ўдвая меншым абʼёме, чым у красавіку. «Нафтан» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, як і шэраг іншых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com