Магілёўскі праваабарончы цэнтр пад пагрозай ліквідавання



Заўтра можа быць ліквідаваны Магілёўскі праваабарончы цэнтр. На 17-га сакавіка запланаваны разгляд пазову галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання. Прычынай прэтэнзій юрыстаў стала адсутнасць у праваабаронцаў юрыдычнага адрасу, бо арэндадаўца, індывідуальны прадпрымальнік, у аднабаковым парадку скасаваў дамову арэнды. Тым не менш, паводле закону, нельга ліквідаваць грамадскае аб’яднанне з-за адсутнасці юрыдычнага адрасу, – кажа дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтру Уладзімір Краўчанка.

– Згодна 22-га артыкула Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Дэклараацыі аб праваабаронцах гэта цалкам недапушчальна – ліквідацыя арганізацыі толькі па прычыне адсутнасці юрыдычнага адрасу. Справа ў тым, што ў нас ёсць юрыдычны адрас. У нас заключана дамова арэнды, якую мы не скасоўвалі, больш таго, мы зараз заключылі новую дамову арэнды на новае памяшканне, будзем як раз даводзіць тое, што  мы не вінаватыя, а тая сістэма, якая спрабуе знайсці нагоду для закрыцця грамадскага аб’яднання.

Паводле Уладзіміра Краўчанкі, на арэндадаўцу памяшкання і яго жонку аказваўся ціск з боку КДБ. Новая дамова аб арэндзе будзе прадастаўлена арганізацыяй ва ўпраўленне юстыцыі толькі заўтра.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя