Лукашэнка прызначыў паслоў у Іране, Манголіі і на Кубе



Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня прызначыў паслоў Беларусі ў Іране, Манголіі і на Кубе.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, беларускае пасольства ў Іране ўзначаліць Дзмітрый Кальцоў. Раней ён займаў пасады намесніка начальніка ўпраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі і начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС.

Паслом у Манголіі прызначаны Дзмітрый Гарэлік. Да гэтага прызначэння ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю апарата Савета міністраў.

Валерый Бараноўскі стаў паслом Беларусі ў Рэспубліцы Куба. Раней ён узначальваў беларускае пасольства ў Літве.

Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Дзмітрыя Емяльянава генеральным консулам Беларусі ў Чунцыне (КНР).

Падчас прызначэння Лукашэнка перасцярог дыпламатаў ад здрады і заклікаў быць „годнымі краіны”. Відэафрагмент выступлення размешчаны ў тэлеграм-канале „Пул Першага”.

„Я проста публічна хачу вас папярэдзіць: вы — людзі адукаваныя, дасведчаныя людзі, людзі з мазгамі, і вы маеце права на свой пункт гледжання, сваё меркаванне. Але вы ведаеце, куды вы ідзяце, — сказаў ён. — Вы прадстаўляеце краіну і прэзідэнта там, куды вас сёння прэзідэнт накіруе. Таму я так мяркую, што тую палітыку, якую ажыццяўляе кіраўніцтва краіны, вы безумоўна падтрымліваеце. Калі няма ці змянілася меркаванне, трэба прыйсці, ціха, спакойна, без помпы, сказаць: „Я не магу”. Каб здрады не было”.

„Я пра гэта кажу, таму што былі ў нас паслы (вы гэта добра ведаеце), якія паступалі адпаведным чынам. Няхай гэта адзінкавыя выпадкі, але гэта непрымальна. Вы — людзі большыя за вайскоўцаў. Таму што вайскоўцы — яны пры пагонах, як і вы, але яны ў асноўным тут, у краіне. А вы на чужыну едзеце, і, гледзячы на вас, людзі будуць там на месцы — у Манголіі, Іране ці на Кубе — рабіць высновы пра нашу краіну. Таму будзьце вартыя краіны, перш за ўсё, і беларускага народа. Паспрабуйце зрабіць так, каб потым і вам не было сорамна і балюча за гэтыя пражытыя гады”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by