Пра халодную грамадзянскую вайну 



Афіцыйная ідэалогія ў Беларусі больш за два дзесяцігоддзі паразітавала на фразе “абы не было вайны”. І такі пасыл, адрасаваны да большасці насельніцтва, спрацоўваў. У 1990-х гадах яго горача падзялялі людзі сталага веку, якія заспелі падзеі ІІ Сусветнай альбо нарадзіліся адразу пасля той крывавай бойні. Прадстаўнікі маладзейшых генерацый, калі ўбачылі, як некалі стабільная Усходняя Еўропа пераўтвараецца ў зону грамадзянскіх канфліктаў, таксама задумаліся над каштоўнасцю міра. Асабліва маладыя беларусы ўсхваляваліся пасля падзей расейска-ўкраінскай вайны 2014 года, у выніку якой Украіна пазбавілася паўвыспы Крым, а Данбас дагэтуль застаецца тэрыторыяй ваеннага канфлікту. Гарачая фаза вайны адбывалася ўсяго толькі ў адной тысячы км ад паўднёвай мяжы Беларусі. Улічваючы тое, што многія суайчыннікі маюць родных як у Расеі, так і ва Украіне, гэтая вайна не ўспрымалася як нешта абстрактнае. На фоне знешніх небяспек, якімі ўвесь час палохала беларусаў прапаганда, сітуацыя ў Сінявокай пазіцыянавалася як стабільная, мірная. І такі стан рэчаў быў трывалым падмуркам для мясцовай аўтакратыі.

І да 2020 года ў Беларусі меў месца палітычны пераслед. У турмах пасля важных палітычных кампаній сядзелі дзясяткі, калі не сотні, палітычных зняволеных. Аднак праблемы апанентаў рэжыму да нядаўняга часу хвалявалі адносна невялікую частку насельніцтва, якая, хоць і ведала пра рэпрэсіўны характар улады, але прытрымлівалася правілаў гульні ў “апалітычнасць”. Прэзідэнцкая кампанія 2020 года ўсё змяніла ў былым раскладзе і не пакінула ані сляда ад былой “стабільнасці”. Калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч людзей па ўсёй краіне, што ў працэнтных суадносінах больш за ўкраінскі майдан, улада зрабіла стаўку выключна на гвалт. Усе ўмоўнасці былі адкінутыя ў бок. На акцыях пратэсту загінулі людзі, праз арышты прайшлі дзясяткі тысяч, у турмах дагэтуль знаходзяцца тысячы суграмадзян, справы якіх звязаныя з палітычнымі пратэстамі.

Лічба ў 500 палітзняволеных – гэта толькі вяршыня айсбергу, бо працэдура прызнання палітвязнямі – надзвычай дыскусійная. Калі паспрабаваць прааналізаваць дадзеныя пра палітвязняў, звяртае ўвагу тое, што няма нейкага сярэдняга партрэту. Сярод людзей з гэтым статусам – жанчыны і мужчыны, журналісты і вальшчыкі лесу, бізнесоўцы і беспрацоўныя, пенсіянеры і непаўналетнія маладзёны… Словам, перад вачыма – зрэз беларускага грамадства. З шэрагу найбольш папулярных артыкулаў, паводле якіх судзілі палітвязняў, – абразы “прэзідэнта” і прадстаўнікоў улады. Адсюль вынікае, што непрыманне ўлады мае агульнанацыянальны характар. Адпаведна, дзеянні ўладаахоўных органаў, якія развязалі маштабныя рэпрэсіі супраць суайчыннікаў, нагадваюць спробы тушэння пажару алеем. За кожным рэпрэсаваным – дзясяткі сваякоў і сяброў, якія ніколі не даруюць такога абыходжання са сваімі блізкімі. Калі чагосьці і дабіваюцца ініцыятары “халоднай грамадзянскай вайны”, дык гэта поўнай дэлегітымізацыі ўлады, якая нічога не можа прапанаваць грамадзянам, акрамя “дубінкі”. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ