Валярына Кустава: Усім беларусам цяпер баліць Беларусь



Паэтка і тэлевядучая Валярына Кустава з’ехала з Беларусі. 3-га чэрвеня ў кватэру Куставай ламіліся невядомыя – 7 сілавікоў у штацкім. Канфіскаваная тэхніка, каштоўнасці, сродкі, кватэру апячаталі. Супраць паэткі пачалі дзве крымінальныя справы. 

РР: «Цяпер я не толькі паэт, але дысідэнт і нават крыху бежанец», – напісала ты ў фэйсбуку. Здагадваюся, допіс быў зроблены ўжо з Варшавы. А прыкладна годам раней, ці ўвогуле калі-небудзь, думала, каб з’ехаць з Беларусі?

Валярына Кустава: Шчыра кажучы, аніколі я не хацела з’язджаць са сваёй балючай Беларусі. І былі прапановы, і былі магчымасці, але я, як пісьменнік, як творца, як аўтар праграмы пра беларусаў і для беларусаў, заўсёды бачыла сябе толькі на Радзіме. І гэта для мяне трагічны ад’езд, бо маё жыццё – там, і мае думкі – там. І мае творы засталіся ў Беларусі.

РР: На цябе заведзены ў Беларусі дзве крымінальныя справы. Чым беларуская паэтка нашкодзіла ўладам?

Валярына Кустава: Па-першае, у мяне заўсёды была даволі адкрытая пазіцыя ў дачыненні да таго, што адбываецца цяпер у Беларусі. Па-другое, мая прафесійная дзейнасць, звязаная і з тэлевізіяй, і з «Белсатам» у першую чаргу, мела на ўвазе тое, што я раблю праграмы пра беларусаў, дзе мы спраўджвалі мары, жаданні людзей, пацярпелых за свабоду. І нашыя гледачы, неабыякавыя грамадзяне, падтрымлівалі іх. І я так разумею, што рэжым расцаніў гэта як арганізацыю фінансавання пратэстаў. Гэтую салідарнасць, якая для іх найбольш страшная.

РР: Выязджаючы з Беларусі, ты пакінула 2-гадовую дачку. Цяпер вы ўжо разам?

Валярына Кустава: Так, літаральна дзень таму мне ўсё ж такі давезлі маё дзіця. Яно кінулася да мяне і сказал: «Мама, дзе ты была? Мы цяпер заўсёды будзем разам!» Гэта для мяне было яшчэ больш, можа, трагічным, чым страчваць Радзіму. І гэта для мяне шчасце, што я з дзіцём і што я не ў турме.

РР: Тое, што адбываецца ў Беларусі, здагадваюся, значна паўплывае на тваю творчасць.

Валярына Кустава: Думаю, што так. Зараз у мяне будзе новае жыццё. Жыццё з нуля, са змененай лакацыяй, але не са змененай місіяй. Мая місія засталася той жа – гэта наблізіць свабодную, вольную, незалежную Беларусь. І каб нашыя дзеці жылі менавіта ў такой краіне. Каб мая дачка размаўляла на сваёй мове, і магла прыехаць туды, калі захоча.

РР: Ці можна ў сённяшняй Беларусі займацца літаратурай, культурай і быць далёка ад палітыкі?

Валярына Кустава: У Беларусі палітыка стала жыццём. Рэжым настолькі знішчае свой народ, што гэта тычыцца кожнага. Кожную асобу, якая жыве і на тэрыторыі Беларусі, і за яе межамі. Усім беларусам цяпер баліць Беларусь.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com