Санкцыі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі будуць жорсткімі



Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі будуць жорсткімі і мэтанакіраванымі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленберг.

Паводле слоў Шаленберга, у яго адбыўся добры абмен думкамі са Святланай Ціханоўскай аб наступных кроках. „З нецярпеннем чакаю нашай сустрэчы ў панядзелак”, — адзначыў Шаленберг, маючы на ўвазе запланаванае на 21 чэрвеня ў Люксембургу пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ.

Апошнія дні з’явіліся неафіцыйныя паведамленні, што Аўстрыя, якая мае цесныя дзелавыя сувязі з Беларуссю, выступае за змякчэнне новага пакета санкцый, падрыхтаванага Еўразвязам. Па гэтай прычыне Ціханоўская патэлефанавала кіраўніку МЗС гэтай краіны:

Паводле інфармацыі ад прэс-службы Ціханоўскай, яна „заклікала краіны ЕЗ у асобе міністра захоўваць адзінства ў рашэннях па Беларусі”. Папярэдне офіс Ціханоўскай накіраваў ліст у 27 міністэрстваў ЕЗ з 31 канкрэтнай прапановай у рэагаванні на дзеянні рэжыму, уключаючы дапамогу грамадзянскай супольнасці, рэпрэсаваным і журналістам, ізаляцыю рэжыму і санкцыі. Як сказала Ціханоўская, міністр Шаленберг запэўніў яе, што Аўстрыя падтрымлівае агульную палітыку ЕЗ па Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © Global Look Press