На футбольным Еўра Венгрыя забрала ачкі ў Францыі (абноўлена)



19 чэрвеня на футбольным Еўра чарговыя тры матчы.

У групе F першымі ў гэты дзень на поле выйшлі дружыны Венгрыі і Францыі. Пасля крыўднай паразы партугальцам у першым туры гаспадары стадыёну, нягледзячы на аўтарытэт суперніка, адразу пайшлі наперад. Спакваля, аднак, „трохкаляровыя” забралі ініцыятыву і мяч у свае рукі і ногі. І ўсё ж пры шалёнай падтрымцы сваіх заўзятараў венгры адкрылі лік – вызначыўся абаронца мадзьяраў Аціла Фіёла.

Гульня праходзіла ў пякельнай гарачыні, тэмпература сягала плюс 29 градусаў цэльсія. На 23-й хвіліне капітан венграў Адам Шалаі атрымаў цеплавы ўдар і быў змушаны пакінуць газон.

У другой палове французы метадычна асаджалі валоданні брамніка Петэра Гулачы (сапраўднага героя сустрэчы) і адзін раз здолелі прабіць абарону гаспадароў поля. Гэта Антуан Грызман удала скарыстаўся пасам Мбапэ. Далей пераважна атакавалі чэмпіёны свету, але да радасці венграў дамагчыся яшчэ раз поспеху яны не здолелі. У выніку баявая нічыя 1:1.

Францыя набрала 4 ачкі і выйшла ў лідары групы, Венгрыя здабыла першы бал і захоўвае шанцы на выхад у плэй-оф.

Другі матч сённяшняга дня ў гэтым квартэце Германія-Партугалія. Гэтыя каманды сустрэліся ў Мюнхене. З лікам 4:2 перамогу святкавала бундэсманшафт. Лік у контратацы адкрылі чэмпіёны Еўропы – 11-ы раз на першынствах кантыненту вызначыўся Крышціяну Раналду (абсалютны чэмпіён у гэтай намінацыі). Потым двойчы партугальцы дасылалі мячы ў сваю браму (першы такі выпадак на топ-турнірах!).

У другім тайме немцы давялі сваю перавагу да трох мячоў, партугальцы пасля толькі скарацілі розніцу ў ліку.

Партугалія-Германія – 2:4 (К. Раналду, 15, Д. Жота, 67; Р. Дзіаш, 35, аўтагол, Р. Герэйру, 39, аўтагол, К. Хаверц, 51, Р. Госенс, 60).

Становішча ў групе F пасля двух тураў такое: 1. Францыя – 4 ачкі, 2. Германія – 3, 3. Партугалія – 3, 4. Венгрыя -1. Усе маюць шанцы на выхад у плэй-оф, а ў апошнім туры сустрэнуцца Францыя-Партугалія і Венгрыя-Германія.

Позна ўвечары ў іншай групе спаткаюцца Іспанія і Польшча.

Беларускае Радыё Рацыя