Тэрмін утрымання Марфы Рабковай працягнуты яшчэ на тры месяцы



Тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцы Марфы Рабковай працягнуты яшчэ на тры месяцы — да 17 верасня, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага ў Беларусі дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.

У красавіку Рабкова, якая знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1, была прызнаная схільнай да экстрэмізму і пастаўленая на прафілактычны ўлік.

Праваабаронца была затрыманая 17 верасня 2020 года. Першапачаткова яна абвінавачвалася паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках). Затым праваабаронцы выставілі абвінавачанне яшчэ паводле двух артыкулаў КК: ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай неўстаноўленых асоб) і ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. У сакавіку тэрмін утрымання Рабковай пад вартай быў працягнуты да 17 чэрвеня.

Беларускія праваабаронцы прызналі калегу палітычнай зняволенай. У яе абарону выступілі спецыяльныя дакладчыкі ААН.

belapan.by