У Бярозаўцы адбылася акцыя памяці Вітольда Ашурка



У Бярозаўцы, дзе жыў i быў пахаваны Вiтольд Ашурак, у касцёле Сыходу Святога Духу адбылася малітва ў яго памяць.

«Няма большай ахвяры, чым калі чалавек аддае жыццё за сваіх сяброў», — такімі ўрачыстымі словамі ўзгадаў ксёндз Вітольда Ашурка і адзначыў, што ад усіх беларусаў залежыць, каб гэтая ахвяра не была марнай.

Пра смерць Вітольда Ашурка родным паведамілі 21 траўня. Прычынай назвалі спыненне сэрца. Па словах сваякоў, у Вітольда ніколі не было з гэтым праблем. Сваякі не вераць у натуральную смерць Вітольда. Крымінальную справу па факце смерці вязня ў калоніі дагэтуль не завялі.

Вітольда Ашурка затрымалі летась 19 верасня за ўдзел у пратэстах. Спачатку каля месяца ён сядзеў па адміністрацыйных справах, потым на яго завялі крымінальную справу за «арганізацыю пратэстаў» і «гвалт над міліцыянтам». Яго асудзілі на 5 гадоў калоніі. 21 красавіка яго перавялі ў шклоўскую калонію. У апошнім лісце да сяброўкі ўпершыню адсутнічала яго нязменная ў ліставанні фраза «Жыве Беларусь!».

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідскага раёна. Быў сябрам партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэнне экалагічных праблем рэгіёну, займаўся ўшанаваннем паўстанцаў 1863 года, неаднойчы безвынікова балатаваўся ў дэпутаты.

Беларускае Радыё Рацыя