Валейбольныя паўфіналісты чэмпіянату Беларусі
У чэмпіянаце Беларусі па валейболе завяршыліся чвэрцьфінальныя серыі плэй-оф, па выніках якіх вызначыліся каманды, якія выйшлі ў паўфінал турніру. Менскі „Будаўнік” пасля паспяховага выступу ў Кубку выкліку на ўнутранай арэне сустрэў нямала праблем у Віцебску, дзе мясцовая каманда „Марка” аказала фаварыту сезону ўпарты супраціў. Сталічнаму клубу ўдалося перамагчы ў чатырох партыях. Параза ад „Марка” ў другім сэце – вынік добрага настрою на гульню гаспадароў пляцоўкі, але „Будаўнік” вышэй класам, што і адбілася на канчатковым ліку – 3:1. Салігорскі „Шахцёр” быў мацнейшы за „Легіён” з Гарадзенскага раёну – 3:1. Лідар першага этапу чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод мужчын БАТЭ-БДУ ў трох партыях абыграў МАПІД – 3:0. Самая гарачая барацьба разгарэлася ў супрацьстаянні берасцейскага „Заходняга Буга” і гарадзенскага „Камунальніка”. Каманда з берагоў Нёмана пасля двух паразаў у Берасці намаганнямі Максіма Акіменкі і Аляксея Кураша змагла перамагчы – 3:1. Аднак у чацвёртай сустрэчы берасцейцы выразна згулялі ў нападзе і, галоўнае, у абароне, што і вызначыла іх поспех і выхад у паўфінал – 3:0. У паўфінале чэмпіянату Беларусі 20 і 21 сакавіка згуляюць „Будаўнік” – „Шахцёр”, 21 і 22 сакавіка БАТЭ-БДУ – „Заходні Буг”.
Беларускае Радыё Рацыя