Пра беларускіх пісьменнікаў
У палітычных рэаліях сучаснай Беларусі любы чалавек, які выказвае сваё незалежнае меркаванне, становіцца патэнцыйным аб’ектам увагі, ціску, а магчыма і рэпрэсій улады, якая страціла сваю легітымнасьць у вачах большасці насельніцтва краіны.
Для шараговага грамадзяніна рызыкі і шанцы «патрапіць пад каток” наўпрост залежаць ад яго гатоўнасці адкрыта заяўляць пра сваю палітычную пазіцыю.
Пры гэтым адмова ад адкрытага выказвання сваёй пазіцыі, хаця і не дае гарантыю бяспекі ва ўмовах дзейнасці рэпрэсіўнага апарату, але істотна зніжае падобныя рызыкі.
У той жа час, для людзей, якія ўжо маюць істотную аўдыторыю, дзякуючы сваёй мінулай або цяперашняй дзейнасці, такога выбару няма, бо нават няўдзел у публічнай падтрымцы дзеянняў ўлады з боку такіх людзей будзе ўспрымацца як адсутнасць лаяльнасці ў адносінах да рэжыму.
Да дадзенай катэгорыі можна без сумневу аднесці літаратараў, тых, хто мае сваю аўдыторыю дзякуючы літаратурнай дзейнасці.
У дадзеную групу ўваходзяць не толькі тыя людзі, якія могуць лічыцца пісьменнікамі па фармальным крытэрам, напрыклад, у якіх асноўным заробкам з’яўляецца даход ад літаратурнай працы.
Ва ўмовах Беларусі, ёсць досыць шырокае кола людзей, якія вядомыя, дзякуючы свайму пісьменьніцкаму таленту, але фармальна працуюць у сумежных (напрыклад – журналістыка) ці ўвогуле ў іншых галінах.
Гэта звязана, у прыватнасці, з тым, што людзі, якія ствараюць творы на беларускай мове, не маюць шырокай аўдыторыі, каб забяспечваць сябе за кошт літаратурнай працы. У краіне доўгі час не праводзілася палітыкі падтрымкі і заахвочвання нацыянальнай мовы, у выніку чаго непазбежна звужалася і аўдыторыя тых, хто стварае на свае творы на беларускай мове.