Уладзіславу Наважылаву прысудзілі тры гады „хіміі”



Лідара метал-групы “Gods Tower” пакаралі максімальным тэрмінам за “абразу” старшыні Гомельскага аблвыканкама.

Музыку Уладзіслава Наважылава, які пакінуў крытычны каментар у дачыненні да высокапастаўленага чыноўніка пад адным з відэа на ютубе 16 жніўня 2020 года, накіроўваюць адбываць пакаранне тэрмінам 3 гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Выйшаўшы з судовай залы, Уладзіслаў Наважылаў не захацеў каментаваць прысуд.

– Мы жывем у Беларусі. Чым я буду шакаваны? Я ні пра што не шкадую. Жыве Беларусь!

На працэс Уладзіслава Наважылава прыходзяць гомельцы, абураныя расправай над музыкам.

Вадзім, жыхар Гомеля:

– Я не бачу тут ніякай абразы. Калі абражаюць кагосьці, то выкарыстоўваюць іншыя выразы. Магчыма, нецэнзурныя. Уладзіслаў выкарыстаў цалкам літаратурны абарот. Ён, канешне, можа камусьці падасца крыўдным, але ўсё залежыць ад ступені крыўдлівасці. У кожнага свая мера. Але нават у выпадку абмежавання волі — гэта занадта. Гэта ў чыстым выглядзе рэпрэсіі, нельга такі працэс называць судом.

Праваабаронца Віктар Адзіночанка, які прысутнічаў на працэсе рок-музыкі, гаворыць, што яго абурае “бессэнсоўная жорсткасць пакарання”:

– Я крыху шакаваны такой бессэнсоўнай жорсткасцю. Вось так з ім паступаць няма ніякага сэнсу. І даць чалавеку тры гады, прычым, у яго шэраг хранічных захворванняў. Як ён там будзе? Апроч таго ён казаў, што ў яго двое малых дзяцей, што жонка не працуе. Хто будзе зараз карміць дзяцей?

Уладзіслава Наважылава судзілі паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прадстаўніка ўлады) за каментар пад адным з ролікаў на сэрвісе youtube.com. У сюжэце дэманстравалася, як кіраўнік Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей размаўляе з пратэстоўцамі ў жніўні 2020 года. Сам “пацярпелы” на пасяджэнні суда Цэнтральнага раёна не з’яўляўся.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель