Год “хіміі” – за сарваны дзяржаўны сцяг



Годам “хіміі” з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу пакараны 45-гадовы жыхар вёскі Быстрыца Кобрыньскага раёна Пётр Кірылюк.

Суддзя Кобрыньскага раённага суда Ала Богнат падтрымала прапанову дзяржаўнага абвінаваўцы цалкам. Яны палічылі сарваны з вясковага гандлёвага шапіка дзяржаўны сцяг недаравальным злачынствам. Хаця апалітычны Кірылюк яго вярнуў і пакаяўся.

Сарваны сцяг не палітычны жэст, а толькі неабдуманая выхадка нецвярозага чалавека, кажа прысутны на судзе грамадскі актывіст Аляксандр Краўчук:

– Прысуд вельмі суровы. І каб адбылося гэта да 20 жніўня мінулага года, я думаю, што нават адміністрацыйнага працэсу не было б. Сёння, я лічу, пасыл да таго, каб людзі не праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю. Запалохаць людзей.

Паводле сябра праваабарончага Цэнтра “Вясна” Сержука Русецкага, тыя, хто павінен максімальна бараніць народ, улічваючы найперш яго інтарэсы, спаборнічаюць за лаяльнасць зверху, няшчадна караючы гэты самы народ, за падаткі якога вельмі добра жывуць:

– Складваецца такое ўражанне, што супрацоўнікі Следчага камітэту, пракуратуры, МУС удзельнічаюць у нейкім „сацыялістычнам змаганні” за лепшыя, большыя паказчыкі па асуджаных, затрыманых, пакараных.

Рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Гэта далёка не першае жорсткае пакаранне людзей на Берасцейшчыне за, так бы мовіць, здзек над дзяржаўным сцягам. На які да падзей 9 жніўня 2020 года ніхто не звяртаў увагі, нават калі той вісеў над адміністрацыйнымі будынкамі дагары нагамі.

Беларускае Радыё Рацыя