Расейскія футбалісты вылецелі з Еўра, лёс украінцаў яшчэ не вырашаны



У апошнім матчы папярэдняй групы В зборная Расеі ў Капенгагене з буйным лікам прайграла камандзе Даніі – 1:4.

Вынікам  перавагі датчанаў стаў гол Мікеля Дамсгарда, які ўдарам прыкладна з 20 метраў не пакінуў шанцаў брамніку расейцаў Мацвею Сафонаву. Праз 15 хвілін пасля пачатку другой паловы сустрэчы вызначыўся адзін з лідараў дацкай зборнай Юсуф Поўльсэн, які перахапіў мяч пасля няўдалай перадачай Рамана Зобніна свайму брамніку.  Яшчэ праз 10 хвілін госці зарабілі пенальці, і іх капітан Арцём Дзюба скараціў разрыў да мінімуму. Але гэты гол апынуўся адзіным для расейцаў. Датчане зайгралі хутчэй і неўзабаве Андрэас Крыстэнсэн і Йоакім Меле давялі справу да разгрому. Данія прабілася ў плэй-оф з другога месца. У Санкт-Пецярбургу фіны саступілі лідару групы зборнай Бельгіі – 0:2. У квартэце С украінцы саступілі ў Бухарэсце аўстрыйцам  0:1, занялі трэцяе месца ў групе і яшчэ могуць трапіць у плэй-оф. Гэта залежыць цяпер ад вынікаў іншых каманд. У другім паядынку гэтай групы зборная Нідэрландаў, якая датэрмінова выйшла ў 1/8 фіналу, разграміла ў Амстэрдаме каманду Паўночнай Македоніі – 3:0.

Васілеўскі і Эрліх перамаглі на старце парнага разраду тэніснага турніру

Беларус Андрэй Васілеўскі і ізраільскі тэнісіст Ёнатан Эрліх паспяхова стартавалі ў парным разрадзе турніру катэгорыі АТР-250 у іспанскай Мальёрцы з прызавым фондам 720 тысяч еўра. У матчы 1/8 фіналу беларуска-ізраільскі тандэм абыграў у двух сэтах іспанскі дуэт Марк Лопес/Хауме Муньяр – 6:2, 6:2.

У 1/4 фіналу Еўрабаскету беларускі згуляюць са шведкамі

У чвэрцьфінале чемпіянату Еўропы па баскетболе жаночая зборная Беларусі згуляе са Швецыяй. На групавым этапе беларускі ўпэўнена перамаглі шведак 78:54, занялі першае месца ў групе і наўпрост выйшлі ў чвэрцьфінал. Зборная Швецыі ж заняла трэцяе месца і прабілася туды, дзякуючы перамозе над зборнай Італіі ў кваліфікацыйным матчы — 64:46. Матч Беларусь — Швецыя пройдзе 23 чэрвеня.

Беларуская валейбалістка Ганна Клімец будзе выступаць за італьянскую „Рому”

Дыяганальная зборнай Беларусі і маскоўскага „Дынама” Ганна Клімец працягне кар’еру ў чэмпіянаце Італіі. Такая інфармацыя размешчана ў афіцыйным запісе расейскай Суперлігі ў Facebook. Выхаванка баранавіцкай школы будзе выступаць за „Рому”. Рымскі клуб выйшаў у серыю А1, элітны дывізіён італьянскага валейбольнага першынства па выніках мінулага сезону. Ганна Клімец выступала ў расейскай суперлізе з 2015 года. Перайшоўшы ў 15 гадоў з баранавіцкага „Атланта” ва „Уралачку-НТМК” Мікалая Карполя, абараняла колеры каманды з Екацярынбурга, а затым працягнула кар’еру ў маскоўскім „Дынама”. За час выступаў у суседняй краіне яна станавілася двухразовым сярэбраным і двухразовым бронзавым прызёрам элітнага дывізіёна чэмпіянату Расеі. Таксама на яе рахунку срэбраны медаль Кубка Расеі – 2020.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: otveklik.com