Пасол Швейцарыі: Становішча Наталлі Хершэ застаецца няпростым



Пасол Швейцарыі ў Менску Клод Альтэрмат 21 чэрвеня зноў наведаў у гомельскай калоніі суайчынніцу беларускага паходжання Наталлю Хершэ.

„Сітуацыя ў нашай суайчынніцы па-ранейшаму няпростая. Наталля вельмі цэніць любую падтрымку з боку, усіх вітае і дзякуе”, — напісаў дыпламат на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Папярэдняя сустрэча пасла з Хершэ адбылася 20 траўня.

7 снежня 2020 года суд Савецкага раёна Менска прызнаў Наталлю Хершэ, швейцарскую грамадзянку і ўраджэнку Беларусі, вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі і выплаце 1.000 рублёў пацярпеламу сілавіку. Паводле судовага рашэння, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, „падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні”.

Жанчына сваю віну не прызнала. Беларускія праваабаронцы лічаць Хершэ палітзняволенай. Паводле іх інфармацыі, асуджаная два разы абвяшчала галадоўку.

Справу Наталлі Хершэ абмяркоўваў кіраўнік швейцарскага знешнепалітычнага ведамства Іньяцыа Касіс на перамовах з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем 20 красавіка падчас яго візіту ў Швейцарыю. „Часткай дыскусіі” быў „выпадак Наталлі Хершэ”, напісаў Касіс у „Твітэры” па выніках сустрэчы, на якой ён заявіў аб неабходнасці захавання асноўных правоў чалавека і пакарання за іх грубыя парушэнні.

belapan.by