125 гадоў з дня нараджэння Браніслава Туронка



Беларускі грамадскі дзеяч, медык Браніслаў Туронак нарадзіўся 22 чэрвеня 1896 года ў фальварку Пестуны (Новапагосцінская воласць, Дзісненскі павет, цяпер Мёрскі раён). Паходзіў з праваслаўнай сялянскай сям’і, Туронкі выводзіліся з вёскі Дзянісы, там была іх прапрадзедаўшчына. Сям’я была беззямельная, арандавала фальварак. Навучаўся ў народным вучылішчы ў Новым Пагосце. У 1912 годзе паступіў у Віленскую гімназію, дзе вучыўся, пакуль горад не занялі немцы. Далей навучаўся ў Віцебскай гімназіі, затым паступіў у гімназію Яраслаўля (Расея), якую скончыў у 1917 годзе. Пасля завяршэння гімназічнай адукацыі вярнуўся на Дзісненшчыну. Там цесна кантактаваў з беларускамоўным каталіцкім святаром Адамам Станкевічам, што паўплывала на светагляд. Туронак заняўся арганізацыяй беларускіх школ. У 1917-19 гадах настаўнічаў на Дзісненшчыне ў беларускіх пачатковых школах у Більдзюгах і Новым Пагосце. У ліпені 1919 года Браніслаў Туронак перабраўся ў Вільню. Спярша скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. У той жа год паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1924 г.) і двухгадовай практыкі Туронак атрымаў дыплом доктара лекарскіх навук (1926 г.). У 1927-28 гадах працаваў у віленскай клініцы. У 1928 годзе Туронак ажаніўся, пакінуў Вільню і пасяліўся ў мястэчку Дукшты на Браслаўшчыне, працаваў лекарам. У сям’і нарадзілася трое сыноў. Адзін з іх Юры Туронак пазней стаў вядомым гісторыкам, беларускім грамадскім дзеячам. Браніслаў Туронак меў вялікую бібліятэку з кніг і часопісаў, на жаль яна згарэла ў час вайны ў 1944 годзе. Яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце Браніслаў Туронак далучыўся да беларускага студэнцкага руху. Уваходзіў у склад першай управы Беларускага студэнцкага саюзу, быў адказным сакратаром выдання “Наш шлях”, якое выходзіла раз у месяц у 1922-23 гадах. У 1923 годзе ў складзе новай управы БСС, таксама абраны сакратаром Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У снежні 1923 года стаў адказным рэдактарам газеты “Крыніца”, на гэтай пасадзе працаваў да жніўня 1925-га, калі за рэдагаваную газету, дзе размяшчаліся матэрыялы ў абарону выкарыстання беларускай мовы ў каталіцкім касцёле, Туронак быў пасаджаны ў астрог і засуджаны да 3-месяцавага турэмнага зняволення.

Далейшая яго грамадская дзейнасць абапіралася на супрацу з БХД, найперш з Адамам Станкевічам. Туронак удзельнічаў у стварэнні Беларускага сялянскага саюзу, уваходзіў у яго кіраўніцтва. З 1926 года ўваходзіў ва ўправу Віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, а ў 1927-ым абраны старшынём управы і кіраваў аддзелам да вясны 1928-га. У снежні 1928 года вылучаны кандыдатам на выбарах у польскі сейм, але пасольскага мандату не атрымаў. Займаўся папулярызацыяй аховы здароўя. Выступаў з артыкуламі па гэтай тэме ў газеце “Беларуская крыніца”. У 1928 годзе яго навуковая праца “Гігіена ўзгадавання дзіцяці” выйшла асобнай брашурай. Пасля 1928 года Браніслаў Туронак адыйшоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Але да 1934 года ўваходзіў у кіраўніцтва БІГіК. Падтрымліваў грашыма некаторыя беларускія выданні і грамадскія ініцыятывы. Памёр Браніслаў Туронак вельмі рана, было яму толькі 42 гады. Да гэтага давяла імклівая хвароба. Туронак ездзіў на маторнай лодцы да пацыента і моцна застудзіўся на возеры Дзісна, што ўрэшце прывяло да смерці 19 верасня 1938 года.

Беларускае Радыё Рацыя