Міхаіл Жамчужны: Да 3 ліпеня некаторых палітвязняў могуць вызваліць



Былы палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны прагназуе, што некаторых “палітычных” у бліжэйшы час могуць выпусціць на волю.

Міхаіл Жамчужны: Чатыры месяцы я ўжо на волі, і за гэты час ізноў заняўся праваабарончай дзейнасцю. Збіраю сведчанні з нагоды рэпрэсій да палітвязняў на “хіміях”, бо людзей утрымліваюць у даволі няпростых умовах, шмат іншай працы.

РР: На ваш погляд, ці варта чакаць у Беларусі палітычную амністыю? Або колькасць палітвязняў будзе толькі павялічвацца?

Міхаіл Жамчужны: Думаю, да 3 ліпеня некаторых палітвязняў могуць вызваліць. Тых, хто папрасіў амніставаць іх. Такім чынам прастымулююць астатніх, каб яны таксама падумалі.

І ў верасні хочуць жа адзначаць Дзень адзінства, магчыма, і да гэтай даты некаторых вызваляць.

Але гэта не азначае, што рэпрэсіі зменшацца. Мне падаецца, што яны наадварот павялічацца. Ва ўсялякім выпадку, пакуль не бачна, што можа змяніць сітуацыю.

РР: Ці варта палітвязням пісаць прашэнне аб памілаванні?

Міхаіл Жамчужны: Гэта справа кожнага. Мне таксама некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванне, і, напэўна, калі б так зрабіў, то ўжо даўно быў бы на волі.

Але я для сябе выбраў шлях змагання да канца, і ні на якія саступкі не ішоў. Але цудоўна разумею і тых, хто піша прашэнні. Асуджаць іх ні ў якім разе нельга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя