«Вясёлка над плёсам» ад Вайцюшкевіча і яго сяброў



Кружэлка «Вясёлка над плёсам» складаецца з 19 песень на вершы беларускага паэта Аляксея Пысіна. Агулам у запісе бралі ўдзел тры дзясяткі творцаў: сам Зміцер Вайцюшкевіч і «WZ-Orkiestra», гурт «Naviband», «Чароўны аркестар», Лявон Вольскі, Святлана Бень, Ганна Шаркунова, Пафнуці, Саша Захарык, Ірына Старавойтава, Платон Яцына і нават цэлы дзіцячы хор.

«Я рады, што атрымалася сабраць на адной кружэлцы столькі выдатных імёнаў, — расказаў Зміцер Вайцюшкевіч на партнёрскай пляцоўцы «Годна». — Альбом найперш дзіцячы, але вельмі раю паслухаць яго і дарослым: у наш час кожнаму неабходныя ўсмешкі ды праменьчыкі святла».

Разам з альбомам музыка прэзентаваў і анімацыйную версію, якую стварылі Андрусь Такінданг і Дзяніс Міжуй.