Агляд прэсы: не вайна, але кампанія
Nutrien павялічыць вытворчасць калію на фоне санкцый супраць Беларусі. Рэгіянальныя выбары ў Францыі: палітыкам дадзены ўрок. Новы прэзідэнт Ірана: кансерватар далей няма куды. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Як паведамляе амерыканскае выданне Bloomberg, кампанія Nutrien (Нутрыён), найбуйнейшая на сусветным рынку ўгнаенняў, плануе павялічыць вытворчасць калійных угнаенняў у 2021 годзе на 500 000 метрычных тон у адказ на ўзмацненне жорсткасці сусветных рынкаў і ўвядзенне санкцый супраць Беларусі.
«Гэта забяспечыць рэкордна высокі ўзровень продажу калійных угнаенняў і дапаможа ліквідаваць засцярогі з-за прапановы на рынку. Прынамсі запасы ўгнаенняў у Паўночнай Амерыцы падскочылі на працягу панядзелка, калі ў бок Беларусі ўвялі санкцыі. Указанні на ўвесь год сусветнага гандлю ўгнаеннямі будуць абноўленыя, калі ў пачатку жніўня будуць апублікаваны вынікі другога кварталу», – дзеліцца планамі амерыканскае выданне.
Згодна з папярэднімі падлікамі, у першым туры рэгіянальных выбараў у Францыі нечакана перамагла кансерватыўная партыя Рэспубліканцы. Другое месца заняла праварадыкальнае Нацыянальнае аб’яднанне Марын Ле Пен. Рух „Наперад, Рэспубліка!” прэзідэнта Макрона выйшла толькі на пятую пазіцыю. Яўка выбарцаў была гістарычна нізкай – 33,9 адсоткі, што выклікае немалую заклапочанасць аглядальнікаў.
«У народзе пануе палітычная апатыя», – такімі назіраннямі дзеліцца італьянская газета La Stampa.
«Няўдзел у галасаванні – вось новае структурнае зло, якое ўсталявалася ў краіне жоўтых камізэлек. А тыя нешматлікія, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі, павялі сябе не так, як чакалася: Нацыянальнае аб’яднанне – партыя Ле Пен, нацэленая на відавочны трыўмф, – заняла першае месца толькі ў рэгіёне Праванс-Альпы-Лазурны бераг. Для ўзначаленага Макронам руху „Наперад, Рэспубліка!” усё і зусім абярнулася катастрофай. Дзіўна, але перамаглі кандыдаты ад рэспубліканцаў, класічнага правага крыла, звязанага з традыцыяй неагалізму, а на іх фактычна ніхто і не ставіў!», – адзначае італьянскае выданне.
Перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Іране атрымаў прадстаўнік ультракансерватыўнага рэлігійнага лагеру Эбрахім Раісі. Раней ён займаў пасаду кіраўніка міністэрства юстыцыі. На гэтых выбарах Раісі лічыўся фаварытам Савета вартаўнікоў Канстытуцыі, які аддаў яму перавагу з сямі кандыдатаў – кансерватараў, дапушчаных саветам да ўдзелу ў выбарах. Яўка на выбарах склала ўсяго 48 адсоткаў. Па дадзеных ААН і арганізацыі Amnesty International, на сумленні Раісі злачынствы супраць чалавечнасці.
«Мяркуючы па ўсім, Ірану пагражае паўтарэнне найбольш змрочных старонак яго гісторыі», – адзначае грэцкае выданне Liberal і дзеліцца наступнымі звесткамі аб новаспечаным прэзідэнце.
«Яшчэ з часоў Ісламскай рэвалюцыі ён абвінавачваецца ў правядзенні масавых пакаранняў праціўнікаў рэжыму. На думку арганізацыі Amnesty International, на яго сумленні бясследнае знікненне людзей, пакаранні зняволеных, а таксама злачынствы супраць чалавечнасці і невыкананне правоў чалавека. Па колькасці пакаранняў смерцю Іран – сусветны лідар, за выключэннем Кітая. Падаўленне дэманстрацый у 2019 годзе, калі Раісі стаяў на чале іранскай юстыцыі, уяўляюць сабой тыповы прыклад парушэння правоў грамадзян», – папярэджвае грэцкае выданне.
«Напад Германіі на Савецкі Саюз 80 гадоў таму забраў жыцці 27 млн чалавек. У Беларусі, Расеі і краінах Усходняй Еўропы гістарычная памяць выкарыстоўваецца сёння ў палітычных мэтах, у той час як у Германіі назіраецца вялізны дэфіцыт культуры памяці», – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.
Выданне адзначае, што гаворачы аб аперацыі «Барбароса» важна яшчэ раз нагадаць, што гэта была не вайна, а кампанія па знішчэнні, накіраваная на вынішчэнне цэлых дзяржаў, у прыватнасці, Савецкага Саюзу. Нямецкае кіраўніцтва разлічвала, што ў першую зіму ад голаду памруць 30 млн мірных жыхароў.
«У адной толькі сённяшняй Беларусі – загінуў кожны трэці. Трэба памятаць, што ў вачах нямецкіх злачынцаў беларусы, рускія, украінцы, а таксама раней акупаваныя палякі, лічыліся народамі, якія не маюць сваёй культуры, годнымі выключна пагарды», – гаворыцца ў артыкуле. – «Той факт, што прэзідэнт Нямеччыны не наведае Менск ці Маскву ў гадавіну пачатку вайны, магчыма, палітычна апраўданы. Але ў гістарычным сэнсе прыняць гэта цяжка. Як і адкрыццё Пуціным помніка блакадзе Ленінграда ў Яд ва-Шэм, якое было сустрэта ў Нямеччыне кпінамі: столькі пампезнасці, столькі пафасу. Але справа ў тым, што прызнаць гэта злачынства на міжнародным узроўні варта было ўжо дзясяткі гадоў таму», – заключае Süddeutsche Zeitung.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка