Футбалісты БАТЭ выйшлі ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі



У розыгрышы Кубка Беларусі прайшлі матчы 1/16 фіналу. Дзеючыя ўладальнікі трафея футбалісты барысаўскага БАТЭ сустракаліся ў Івацэвічах з „Баранавічамі” і разграмілі суперніка 6:1. Барысаўчане прапусцілі мяч на 2-й хвіліне і да перапынку не змаглі падабраць ключы да брамы „Баранавічаў”. Затое ў другім тайме зайгралі ў поўную сілу і шэсць разоў забілі брамніку Іллі Пацэвічу. Па два галы ў складзе пераможцаў забілі Ілля Васілевіч і Ідрыс Нурадзін, яшчэ па мячу ў свой актыў запісалі Цімафей Шаркоўскі і Дзмітрый Бясмертны.

Сталічныя „Крумкачы” з першай лігі аказалі ўпарты супраціў гасцям з гарадзенскага „Нёмана”, якія дагульвалі матч удзевяцёх, і завяршылі асноўны час унічыю – 1:1. У дадатковыя паўгадзіны гэты вынік не змяніўся, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку „Нёмана” – 5:4. Футбалісты „Дняпра” перамаглі „Мінск” з лікам 2:1. Лідар першай лігі дзяржынскі „Арсенал” таксама прабіўся ў 1/8 фіналу, абыграўшы ў Гарадзеі футбалістаў „Смаргоні” з такім жа вынікам – 2:1. Пінская „Хваля” прайграла мазырскай „Славіі” – 0:1, „Орша” саступіла „Гомелю” – 2:6, а „Маладэчна” разгромна прайграла „Энергетыку-БДУ” – 0:4.

Сабаленка перамагла ў 1/16 фіналу турніру ў Істбарне

Чацвёртая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка перамагла на старце турніру катэгорыі WTA-500 у брытанскім Істбарне з прызавым фондам 565 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу Арына Сабаленка ўсяго за гадзіну перайграла амерыканскую тэнісістку Бярнарду Перу – 6:3, 6:4. У другім раўндзе беларуска сустрэнецца з яшчэ адной амерыканкай Алісан Рыск.

Трое беларускіх дзюдаістаў адабраліся на Алімпіяду ў Токіа

Міжнародная федэрацыя дзюдо апублікавала апошні рэйтынг-ліст дзюдаістаў планеты напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Токіа. Пуцёўкі на Гульні ў сталіцы Японіі ад Беларусі заваявалі Дзмітрый Мінько ў вагавай катэгорыі – 66 кг, Мікіта Свірыд (у вазе 100 кг) і Марына Слуцкая (вага звыш 78 кг). Кваліфікацыйны перыяд, які першапачаткова планавалася скончыць у чэрвені 2020 года, быў падоўжаны да чэрвеня 2021-га і завяршыўся адразу пасля чэмпіянату свету па дзюдо ў Вугоршчыне.

Беларускае Радыё Рацыя