6-7 жніўня пройдзе “Фестываль абуджаных беларусаў. TUTAKA”



Беларускае фестывальнае жыццё на Беласточчыне – адраджаецца. “Фестываль абуджаных беларусаў. TUTAKA” мае звярнуцца да гісторыі і спадчыны “Басовішча”, але ў новым фармаце. Імпрэза пройдзе сёлета 6 і 7 жніўня і мае стаць маніфестацыяй салідарнасці з Беларуссю і беларускім народам, які абудзіўся і змагаецца за сваю свабоду і магчымасць жыць у дэмакратычнай дзяржаве. Пра фестываль у нашым эфіры гаварыў адзін з заснавальнікаў Фонду Tutaka – Павел Станкевіч

– Хочам падняць спадчыну пасля фестывалю „Басовішча”. Нам тут, беларусам, проста патрэбны такі фестываль. Толькі мне здаецца, што нам трэба думаць крыху пра іншы фармат, іншую форму. Трэба паглядзець на нас не толькі як на частку Падляшскай культуры, а  шырэй –  як беларускай культуры і нават на культуру як на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.

Спіс выступоўцаў стане вядомы крыху пазней. “Фестываль абуджаных беларусаў. TUTAKA” будзе таксама транслявацца анлайн і пройдзе пад бел-чырвона-белымі колерамі. Папярэдне вядома, што фестываль ладзіцца ў вядомым беларусам урочышчы Барык каля Гарадка на Падляшшы.

Беларускае Радыё Рацыя