Другую групу па „пінскай справе” судзіць Вера Філонік



Працэс над другой групай фігурантаў “пінскай справы” вядзе Вера Філонік, якая ўжо вядомая тым, што ў сакавіку асудзіла адразу дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 гадоў калоніі за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту ў Берасці.

Па назіраннях Веранікі Івановай, якая прысутнічае на пасяджэннях, суддзя Філонік звяртае больш увагі на палітвязняў, чым суддзя Яўген Брэган, які пакараў першую групу пінчукоў:

– Цвёрдае адчуванне, што рашэнне прынята задоўга да суду, усё гэта з’яўляецца фарсам, усё гэта з’яўляецца спектаклем. Другі суддзя канешне праяўляе больш увагі да слоў адвакатаў і паказанняў абвінавачаных. Суддзя пайшла насустрач у адрозненні ад першага працэсу, дазволіла ім даваць паказанні ў канцы, як яны хадайнічалі. Але я думаю, што гэта мала паўплывае на вынікі суду.

Да 28-га чэрвеня аб’яўлены перапынак у судовым пасяджэнні. Адзін з дванаццаці фігурантаў другой групы “пінскай справы” захварэў на каронавірус.

Беларускае Радыё Рацыя