Сям’ю гарадзенскага журналіста Алеся Дзянісава дапыталі ў СК



Музыка і журналіст з Гародні Алесь Дзянісаў разам з жонкай Наталляй і паўнагадовай дачкой Дар’яй наведаў упраўленне Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці. Як паведамляе БАЖ, сям’ю Дзянісавых выклікалі ў якасці сведак па крымінальнай справе, па якой зняволены мастак Алесь Пушкін.

Алесь Дзянісаў некалькі гадзін даваў паказанні і цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў справы.

26 сакавіка пракуратура Гародні ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка прыватнай культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асоб. Іх абвінавачваюць «у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Гаворка ідзе пра паказ на выставе партрэта ўдзельніка антысавецкага падполля Яўгена Жыхара, аўтарства Алеся Пушкіна.