Леў Марголін: Наступствы для краіны могуць быць вельмі цяжкімі
Яшчэ ніколі за ўсю гісторыю сувярэннай Беларусі Еўразвяз не ўводзіў супраць афіцыйнага Менска такіх сур’ёзных эканамічных санкцый, якія плануецца ўвесці на гэтым тыдні. Сёння стала вядома, што камітэтам пастаянных прадстаўнікоў Еўразвязу ўзгоднены сектаральныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія закрануць у тым ліку фінансавы сектар, экспарт калію і прадуктаў нафтаперапрацоўкі.
Каментуе эканаміст Леў Марголін:
– Важна яшчэ, наколькі жорстка гэта будзе кантралявацца. Бо мы ўжо жылі пад амерыканскімі санкцыямі некалькі год. Мы неяк вырашалі гэтыя праблемы. То бок ствараліся нейкія фірмы, і ЗША глядзелі на сітуацыю праз паўзаплюшчаныя вочы. Але калі гэта будзе адсочвацца вельмі дакладна, то наступствы будуць вельмі цяжкія для краіны.
Ці адаб’юцца санкцыі Еўразвязу на кашальках беларусаў? На гэтае пытанне Леў Марголін адаказаў так:
– Гэта, безумоўна, адаб’ецца на працоўных тых прадпрыемстваў, якія папалі пад санкцыі. Таму што нават калі яны працягнуць працу, усё ж такі іх фінансавая сітуацыя будзе значна горшай, чым яна ёсць зараз. А што датычыцца беларускага народа ўвогуле, то як кажуць па-руску: “лучше ужасный конец, чем бесконечный ужас”. Таму, я думаю, што гэта можа толькі абвастрыць сітуацыю ўнутрыпалітычна ў краіне, а можа нават стаць нейкім трыгерам для ўзнаўлення вулічных пратэстаў.
21 чэрвеня на сустрэчы ў Люксембургу міністры замежных спраў краін ЕЗ падтрымалі ўвядзенне сектаральных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. Гэта, сярод іншага, абмежаванні экспарту ў ЕЗ калія, нафтахімічнай прадукцыі і санкцыі супраць фінансавага сектара Беларусі. У гэты ж дзень ЕЗ, ЗША, Канада і Вялікабрытанія ўвялі новыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу фізічных і юрыдычных асобаў, у тым ліку тых, хто адказны за інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманнем блогера Рамана Пратасевіча.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя