Чарговая сустрэча з цыклу “Польскае кіно online”



25 чэрвеня а 18:00 адбудзецца чарговая сустрэча з цыклу “Польскае кіно online”. У гэтым цыкле беларускі глядач можа пазнаёміцца з сучасным польскім кінематографам і яго творцамі, паглядзець новыя стужкі і задаць свае пытанні іх аўтарам.

Гэты выпуск прысвечаны 61-му Кракаўскаму міжнароднаму кінафестывалю і яго вынікам, а таксама захапляльнай стужцы рэжысёра Міхала Бяляўскага „ВЕЦЕР. ДАКУМЕНТАЛЬНЫ ТРЫЛЕР”.

Перад стужкай у  прамым эфіры ў Facebook  вас чакае невялікі аповед пра фільм, а таксама гутарка з рэжысёрам МІХАЛАМ БЯЛЯЎСКІМ.

Вядучы – кінакрытык Антон Сідарэнка.

Па заканчэнні эфіру ў каментарах мы апублікуем cпасылку на стужку з паролем  для бясплатнага прагляду.

Спасылка будзе ў доступе да 23:59 27 чэрвеня (нядзеля).

Фільм можна будзе паглядзець у арыгінале, а таксама з субтытрамі на беларускай альбо ангельскай мове.

“ВЕЦЕР. ДАКУМЕНТАЛЬНЫ ТРЫЛЕР”, 2019 г., 75 хв.

Рэжысёр Міхал Бяляўскі

Аператар Бартэк Солік

Галоўны герой гэтай відовішчнай стужкі – вецер. І не проста вецер, а знакаміты “хальны”, ураган, які раз-пораз парушае звыклае жыццё жыхароў Падгале, што на поўдні Малой Польшчы. Асабліва ён перашкаджае месцічам у Закапанэ – вядомы курорт вымушаны перарываць звыклы лад жыцця ды змагацца са стыхіяй.

Фільм Міхала Бяляўскага падрабязна распавядае пра чарговы візіт “хальнага”, жорсткі і раптоўны. А таксама пра тое, як вецер можа быць адной з галоўных рысаў, што фарміруюць характар ды жыццё цэлага народа.

Паводле прэс-рлізу