У кампаніі, якая валодае МТБанкам, змяніўся ўласнік



 Завяршылася здзелка па набыцці 100% акцый холдынгавай кампаніі MTB Investments Holdings Limited, якой належаць больш за 99% акцый ЗАТ „МТБанк”.

Як паведамляе прэс-служба банка, пакупніком выступіла кампанія Stoneva Limited бізнесмена Рамэа Абдо, які ажыццяўляе бізнес як у Беларусі, так і ў краінах Азіі, Афрыкі і Еўропы з прыярытэтамі ў сектарах тэлекамунікацый, інфармацыйных тэхналогій і камерцыйнай нерухомасці. У Беларусі Абдо з’яўляецца адным з заснавальнікаў групы кампаній BNK Estate, якая пабудавала ў Менску гандлёва-забаўляльны цэнтр Galileo, бізнес-цэнтры Rubin Plaza і Silver Tower.

Партнёры па бізнесе Абдо раней бралі ўдзел у стварэнні ў Беларусі „Міжгандльбанка”, які пасля быў набыты кансорцыумам „Альфа-груп”. У гэты час партнёры бізнесмена з’яўляюцца саўладальнікамі двух буйных банкаў Непала.

„Рашэнне аб набыцці кантрольнага пакета ў ЗАТ „МТБанк” было прынятае з улікам інвестыцыйнай прывабнасці банка і досведу інвестыцый у банкаўскі сектар партнёраў па бізнесе, — гаворыцца ў паведамленні. — Прыцягненне інвестара дазволіць банку выйсці на новыя міжнародныя рынкі фінансавых рэсурсаў, у тым ліку краін Блізкага Усходу і Азіі”.

Акцыі былі набытыя ў ранейшых бенефіцыярных уласнікаў ЗАТ „МТБанк” — кампаній „Энерга-Оіл” і „Белнафтагаз”, якія валодалі банкам з 2015 года.

„Нягледзячы на няпрофільнасць банкаўскага бізнесу ў інвестыцыйным партфелі і гатоўнасць да патэнцыйнай продажы банка, папярэднія ўласнікі разглядалі фінансавы інстытут як прыярытэтны бізнес-кірунак. За шэсць гадоў банк прайшоў істотную трансфармацыю, ператварыўшыся з пераважна раздробнага банка ва ўніверсальны банк, і ўзмацніў сваю прысутнасць у бізнес-сегменце. За гэты час быў запушчаны цэлы шэраг новых прадуктаў, многія з якіх сталі ўнікальнымі для фінансавага рынку Беларусі. Поспехі ЗАТ „МТБанк” пацвярджаюцца ростам капіталу больш як у тры разы і нядаўняй здзелкай па набыцці ЗАТ „Ідэя Банк” у Getin Holding S.A. і Getin International S.A. (Польшча)”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Адзначаецца, што „продаж ЗАТ „МТБанк” стаў вынікам працы, якая праводзіцца больш за год, па пошуку патэнцыйнага інвестара з мэтай аптымізацыі інвестыцыйнага партфеля кампаній”.

Арыентацыя „МТБанка” на абслугоўванне як фізічных асоб, так і бізнесу даказала сваю эфектыўнасць і захаваецца. Банк плануе забяспечыць максімальную пераемнасць існай бізнес-мадэлі, захаваць і пашырыць адносіны з кліентамі і партнёрамі, працягнуць развіццё ў межах прынятага стратэгічнага курсу.

Варта адзначыць, што кампаніі „Энерга-Оіл” і „Белнафтагаз” — уладальнікі „МТБанка” — належаць членам сям’і беларускага бізнесмена Аляксея Алексіна, якога закранулі санкцыі Еўразвяза. Поўная інфармацыя аб складзе ўласнікаў размешчаная на сайце „МТБанка”.

belapan.by