Ці прывядзе да росту коштаў на прадукты ва ўсім свеце санкцыі ў дачыненні да „Беларуськалія”?



Увядзенне санкцый у дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў прывядзе да росту коштаў на прадукты ва ўсім свеце, заявіў трэйдар «Беларуськалію». Экспарт калію стаў адным з сямі сектараў беларускай эканомікі, супраць якіх Еўразвяз плануе на гэтым тыдні ўвесці абмежаванні.

Каментуе эканаміст Леў Марголін:

– Я не думаю, што будзе спынены Салігорскі калійны камбінат і работнікі ўсё накіраваныя ў адпачынак, або звольнены. Так ці  інакш, але ўсё ж такі гэтыя ўгнаенні будуць трапляць на рынак праз Расею, яшчэ нейкім чынам. Нават калі трохі зменшыцца аб’ём сусветнага гандлю, то я думаю, што тую долю – 20%, якую зараз мае беларускі калій, калі яна зменшыцца да 10%, то астатнія 10%, я думаю, змогуць кампенсаваць іншыя калійныя прадпрыемствы, у тым ліку ў Расеі, Канадзе, Германіі і г.д.

«На долю беларускага калію прыпадае больш за 20% сусветнага экспарту. Абмежаванне такога значнага аб’ёму паставак немінуча прывядзе да незаменнага дэфіцыту калія і рэзкага росту коштаў на гэты від угнаенняў. Як следства, вырастуць кошты на прадукты харчавання ва ўсім свеце», – адзначыла Беларуская калійная кампанія і заявіла, што «абсалютная бальшыня краін не маюць уласных запасаў калію, і абмежаванне яго паставак прывядзе да зніжэння ці нават спынення ўнясення яго ў глебу ў найбольш адчувальных рэгіёнах свету».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя