Андрэй Пачобут змешчаны ў інфекцыйную камеру



Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут, які зведвае праблемы са здароўем, змешчаны ў інфекцыйную камеру, паведаміла яго жонка са спасылкай на тэлефонную размову з урачом, які яго лечыць.

„Учора размаўляла з турэмным доктарам Андрэя. Тэст на COVID яму зрабілі толькі 16 чэрвеня, таму на каранціне ён будзе 21 дзень, г. зн. да 8 ліпеня. Увесь гэты час наведаць яго адвакат не зможа. Лісты, я так бачу, таксама ад яго не выпускаюць, апошні ліст прыйшоў 14 чэрвеня, напісаны 8.06., дзе ён піша, што самаадчуванне пагаршаецца і збіваецца сардэчны рытм. Цяпер знаходзіцца ў інфекцыйнай камеры пад наглядам”, — напісала Аксана Пачобут на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Паводле яе інфармацыі, калі паўторны тэст 29 чэрвеня будзе адмоўным, мужа перавядуць у звычайную камеру, „дзе тым не менш каранцін будзе для яго працягвацца”.

Пачобут прымае медыкаменты, яму прызначылі антыбіётык з-за высокай ХАЭ. Тэмпература і сатурацыя вымяраюцца, „на дадзены момант яны ў норме”. Перадачы для журналіста прымаюцца.

16 чэрвеня Аксана Пачобут паведаміла, што яе муж заразіўся каронавірусам. Паводле яе слоў, гэта можа пагоршыць іншыя захворванні, вялікая рызыка таго, што тромб адарвецца. Калі адвакат наведвала Пачобута апошні раз, той змог вытрымаць толькі паўгадзіны сустрэчы, бо дрэнна сябе адчуваў, хоць звычайна сустрэчы з адвакатам доўжацца каля дзвюх гадзін, адзначыла жонка.

У Пачобута ёсць захворванне сэрца — збіваецца сардэчны рытм. Летам стан здароўя пагаршаўся — у спякоту ён моцна слабеў, перыядычна не мог устаць з ложка. Для лячэння неабходна прымаць лекі або ставіць кропельніцу. Як сцвярджаюць урачы, рытм сэрца трэба аднаўляць на працягу сутак, не больш, інакш такія парушэнні вельмі небяспечныя, сказала Аксана Пачобут. Акрамя таго, у яе мужа варыкоз. Ён планаваў зрабіць аперацыю на венах, але не паспеў з-за арышту.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала ўлады неадкладна шпіталізаваць Пачобута.

Гродзенскі журналіст і член праўлення неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка ў Гродне ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці). Як паведамляла Генпракуратура, справа распачатая ў дачыненні да старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў Анжалікі Борыс і „іншых асоб”. У ведамстве сцвярджаюць, што „грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйназванага саюза”, з 2018 года правялі ў Гродне і Гродзенскай вобласці „шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”. „Іх дзеянні мелі на мэце рэабілітацыю нацызму, апраўданне генацыду беларускага народа”, — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.

Праваабаронцы прызналі Андрэя Пачобута палітвязнем.

belapan.by