Разгляд „справы Ціханоўскага” запланаваны да 30 ліпеня (абноўлена)
Сёння ў закрытым рэжыме ў СІЗА-3 у Гомелі адбылося першае пасяджэнне па крымінальнай справе, фігуранты якога — вядомыя блогеры Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў (аператар Ціханоўскага), палітык Мікалай Статкевіч і адміністратар сацыяльных сетак праекта „Краіна для жыцця” грамадзянін Расеі Дзмітрый Папоў. Усіх фігурантаў справы праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
Як стала вядома БелаПАН, разгляд справы запланаваны да 30 ліпеня, затым будзе абвешчаны прысуд.
Адвакаты не маюць права інфармаваць пра матэрыялы справы, бо з іх узятая падпіска аб неразгалошванні.
„Сяргей у нядрэнным стане, духам не падае, настроены рашуча на абарону сваіх правоў”, — паведаміла адвакатка Ціханоўскага Наталля Мацкевіч паводле вынікаў першага дня суда.
Пасяджэнне атрымае працяг 25 чэрвеня.
Каля СІЗА прынятыя падвышаныя меры бяспекі: з раніцы тут дзяжурылі АМАП, ДАІ і мноства супрацоўнікаў у цывільным, якія не дазвалялі людзям набліжацца да будынка ізалятара.
Раніцай знік і не выходзіць на сувязь журналіст Андрэй Толчын. Ён вёў здымку ля СІЗА-3. Жонка шукае яго па РАУС, але пакуль беспаспяхова.
* * *
У Гомельскім СІЗА № 3 24 чэрвеня пачаўся закрыты суд над фігурантамі „справы Ціханоўскага”.
Яшчэ з вечара каля СІЗА дзяжурылі супрацоўнікі АМАПа і ДАІ.
Ад уладальнікаў аўтамабіляў, прыпаркаваных на вуліцы Кніжнай каля ізалятара, запатрабавалі адагнаць машыны, тлумачачы гэта рамонтнымі работамі. З раніцы пад СІЗА стаяла ачапленне, па вуліцы Кніжнай стаялі і хадзілі невядомыя ў цывільным з рацыямі, якія не дазвалялі людзям набліжацца да ізалятара. На суд не пусцілі сваякоў абвінавачваных, але ў залу трапілі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ.
Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Уладзіміра Цыгановіча, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Папова і Ігара Лосіка абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці і перашкодзе працы ЦВК. Усе яны з мая—чэрвеня 2020 года знаходзяцца пад арыштам.