Новыя правілы каранціну і ўезду ў Польшчу
Каранцін для тых, хто ўязджае ў Польшчу ад сёння абавязковы. Намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска напярэдадні заявіў, што з чацвярга ў Польшчы ўводзіцца 10-дзённы абавязковы каранцін для людзей, якія прыбываюць з-за межаў Шэнгенскай зоны.
«Мы павінны абараняць грамадства», – заявіў ён. Як дадаў Краска, зняць з сябе каранцін зрабіўшы тэст на працягу 48 гадзін пасля ўезду ў Польшчу, не атрымаецца, – такая магчымасць з’явіцца толькі праз сем дзён.
Каранцін будзе прымяняцца да асобаў, якія прыбываюць з краін, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону і не належаць да еўрапейскай прымежнай зоны», – сказаў Краска. Пад гэтыя крытэрыі падпадаюць між іншых Беларусь, Украіна ці Вялікабрытанія.
Каранцін не будзе распаўсюджвацца на дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў, якія падарожнічаюць пад апекай дарослых, цалкам прышчэпленых супраць COVID-19, альбо тых, у каго тэст быў адмоўны да перасячэння мяжы на працягу 48 гадзін з моманту атрымання выніку тэсту.
Гэты захад зроблены дзеля абароны палякаў ад новых варыянтаў віруса, якія могуць пранікнуць у Польшчу.
Вальдэмар Краска нагадаў, што больш за 10 мільёнаў палякаў яшчэ не вакцынаваны ці ў іх няма імунітэту, таму што яны не заражаліся COVID-19. Ён паведаміў, што на сённяшні дзень у Польшчы зарэгістравана 90 выпадкаў мутацыі Delta. Першы быў зафіксаваны два месяцы таму.
Беларускае Радыё Рацыя